Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/316

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так-то яно так, але ці будзе чаго дзяліць? Ведаеш, ня будуць-жа працаваць, як раней для сябе. Кожны пачне выкручвацца ад працы. А тады шыш і дастанеш.

— Ну, ну! — паехаў далей у сваёй агітацыі Яўхім. — А як-жа ў комуне жывуць? Лепш, чымся мы, брат, з табою!

— Калі неяк боязна. Вось і там коняй атруцілі, раней спаліць хацелі колькі разоў.

— Дык гэта-ж сволачы робяць! — аж крыкнуў Яўхім і сам зьбіўся з свайго голасу. — А тут палохаюць адзін аднаго няма ведама чаго. Вось мне Слуп кожны раз як нагаворыць, дык жыцьцё нямілым становіцца.

— І мяне той самы палохае, чорт ведае чым: вайна, паны…

— Такім, як Слуп, выгады няма ісьці ў колгас з такой багатай гаспадаркі, але нашаму брату зусім іншы сэнс ёсьць.

— Што праўда, то праўда, але хто яго ведае, каб чалавек не баяўся-б, дык…

Макар быў зьбянтэжаны, прыгнуўся і, здаецца, усёй фігурай літасьці прасіў у Яўхіма.

Яўхім не заўважыў, як пры гэтай гутарцы з чалавекам, самога сябе пераканаў у тым, што трэба ісьці ў колгас. Глядзеў на Макара, як дарослы на хлапца, і нейк лёгка стала яму ад гэтай гутаркі.

Яны яшчэ доўга гутарылі-б, але пачулі крыкі з трэцяга двара. Жаночы візгатлівы голас дрыжэў у паветры. Крыкі былі такія жудасныя, нібы кагосьці рэзалі нажом:

— Ня дам хлява! Сяке-э-эрай буду барані-і-іць!

Яўхім і Макар пабеглі туды, як на пажар.

Гэта адбылося на дварэ „Льва Талстога“. Крычала так яго жонка Барбара. Гурт людзей глядзеў з цікавасьцю на гэта дармавое прадстаўленьне. Суседзі падбухторвалі, жартавалі. Барбарыха была страшнай у своёй злосьці. Вочы яе пачырванелі, губы крывіліся. Барбара кружылася на адным месцы, нібы квактуха, што зьбіраецца садзіцца на рэшата з яйкамі.

— Ня да-а-м хлява! Памяло ты сівое! Ду-у-урань! Пі-і-ісар! Адыйдзі, бо заб‘ю!

Пры гэтым пачала наступаць на мужа і мерылася на яго кулакамі.

„Леў Талстой“ хаваўся за плечы Зьмітрака.

— Цялушак чужых тут уздумалі ставіць! — не магла супакоійца Барбара і дрыжэла ад абурэньня. — Не хачу-у-у! Не дазволю-у-у! Я тут гаспадыня!

Яўхім вярнуўся дамоў з тэй самай няўпэўненасьцю, з якой пайшоў. Пры абагульваньні ён бачыў страх адных і радасьць другіх і ня ведаў, што рабіць.