Сын стаяў насупроць яго, бяз шапкі, і спакойным голасам прасіў:
— Пусьці, тата.
— Ня пушчу!
— Тут і мая праца ёсьць.
— Уткніся ты са сваёй працай!.. — крыкнуў бацька і кінуўся на яго з паднятым кулаком.
Сын адскочыў, зьбянтэжыўся спачатку, а потым і ён зазлаваўся. І ў яго бровы насупіліся. Выглядам ён цяпер стаў вельмі падобным да бацькі.
— Дык давай дзяліцца! — крыкнуў ён. І голас яго стаў падобным да бацькавага. — Я са сваёй часткай пераходжу ў колгас!
— Ня сын ты мне!
— А ты мне ня бацька!
Яўхім ня вытрываў ды ў голас сказаў:
— Страхоцьце адно…
— Якое страхоцьце? — зьвярнуўся да яго Зьмітрок. — Сын з бацькам пасварыліся? Глупства! Памірацца. Пасьля яшчэ сам стары прасіцца будзе, каб мы яго прынялі ў колгас, але мы яшчэ падумаем ці варта прымаць яго такога сварлівага.
Потым абагульваньне пайшло спакайней, Толькі адзін гаспадар адмовіўся ісьці ў колгас. Калі Яўхім у яго ціха на вуха запытаўся, у чым справа, дык той сказаў:
— Ведаеш, нейкі страх бярэ. Вось, як пачнуць на сходзе гаварыць, дык здаецца ўсё добра, лепш быць ня можа. Ну, думаю толькі ў калгасе мне і жыць. А як вось дайшло да таго, што трэба ў агульны кацёл кінуць усё тое, што за ўсё жыцьцё сваё нажыў, дык нейкі страх нападае. Хто яго ведае, што са мною робіцца. Вось жыцьцё ня міла. Баюся ісьці туды. Хто яго, братку, знае, што з усяго гэтага будзе?
Глядзіць Яўхім на спалоханага гайдачаніна ды шчыра яму спачувае.
— Ведае Яўхім добра гэтага чалавека. Ня раз езьдзілі разам у лес, вазілі калоды на сплаўную рэчку. Гэты голены, нявысокі, шырокаплечы гайдачанін Макарам завецца. Хоць гаспадарка ў яго невялікая, але ня кепска жыве. Ён трохі сталяркай займаецца. Усю восень працаваў у Курганішчы, калі дом Крушынскага перараблялі пад клюб.
— Дык страшна, кажаш?
— Страшна, братку, аддаваць гатовенькае, а потым ласкі чакаць, каб хто табе даў паёк з твайго-ж запрацаванага.
Пры гэтых словах Макар глядзеў на Яўхіма такімі вачыма, нібы ад яго паратунку чакаў.
Каб добра самому даведацца, у чым тут рэч, і каб самому ўпэўніцца ў перавагу колгаснай гаспадаркі над аднаасобнай, Яўхім пачаў яго агітаваць.
— Як гэта, каб хто даў табе паёк! А сам ты не гаспадар у колгасе, як усе іншыя?