Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/303

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хвёдар зноў махнуў рукою.

— Значыць, — зазлаваўся Зьмітрок, — твая душа ня прымала ўдзелу тады, калі поп твайго сына ахрысьціў?

Гэта рабілася без мяне. Я ня быў тады дома.

— Годзе!

Зьмітрок махнуў рукою і змоўк. Позірк яго стаў халодным і вострым.

У клюбе пачынае станавіцца душна. Над рознатварым сходам уюцца воблачкі махорачнага дыму. Некаторыя пацеюць. Густы пах аўчыны і чалавечага поту.

Кончыў уступнае слова Драчык.

— Пакуль сёльская гаспадарка ў нас цалкам не пяройдзе на новыя рэйкі, нічога добрага ў нас ня выдзе, — гаварыў таварыш з раёну, чалавек з маладым тварам, сівымі валасамі і са стомленымі вачыма. — І мы пяройдзем на гэтыя рэйкі. Наш Шапалевіцкі раён спозьніўся, таварышы. Вы гэта добра ведаеце з таго, што ў вашым Гайдачанскім сельсавеце робіцца, і газэты пісалі аб раённым кіраўніцтве. Яно гадавала розных Крушынскіх. Паўтараю, галоўным вінавайцам усіх гэтых агіднасьцяй зьяўляецца раённы цэнтр, былая яго верхавінка. Ніколі адказныя працаўнікі раёну ня выяжджалі ў сельсаветы, а калі выяжджалі, дык на гасьцяваньне да Крушынскага і да яго падобных. Наш раён папаў на чорную дошку. Так. На чорную дошку. Толькі цяпер мы пачалі ў раёне тую працу, якую трэба было рабіць даўным-даўно. Сорам нам, таварышы! Сорам! Але я ўпэўнены, што ня доўга ў нас так будзе. Гайдачанскі сельсавет самы адсталы ў вашым раёне. Толькі вось цяпер першы клюб тут нарыхтавалі. Чырвоны Кастрычнік — адзіную тут камуну — кулакі стараліся ўвесь час сьцерці з твару зямлі. Да гэтага часу ў сельсавеце вораг гаспадарыў. З гэтага часу…

Хвёдар які, толькі што чуў ад Зьмітрака няпрыемныя аб сабе словы, слухаў прамоўцу няўважліва, глядзеў уніз на свае боты, нібы ў глыбокім раздум‘і. Голас прамоўцы зыбаў яго слух па роўных хвалях, і Хвёдар тады толькі абудзіўся, калі пачуў іншы голас. Ён падняў твар на сцэну. Гаварыў новы.

— Гэты клюб, адзіны і першы ў вашым сельсавеце, стане тым пунктам, дзе вы колектыўна будзеце абгаварваць, абмяркоўваць вашу агульную працу. Вы, таварышы, павіны хоць трохі перайсьці на рабочы быт. Фабрыкі хлеба на вёсках павінны даганяць фабрыкі і заводы па гарадох. Мы ўсе павінны ісьці аднэй дарогай — да сацыялізму. Дайце аб‘яднаемся разам, рабочыя з вясковай беднатою так шчыльна, як гэта мы рабілі ў часы грамадзянскай вайны са зброяй у руках на ўсіх франтох. Нам цяжка? Мы гэтыя цяжкасьці пераможам, як перамаглі ўсіх нашых заклятых ворагаў. Нашыя цяперашнія заклятыя ворагі кулакі.

Сьветла-шэрыя вочы прамоўцы блішчэлі.