пастарэў, бо якраз цяпер на голеным твары выступаюць раней схаваныя пад барадою глыбокія маршчыны. Шэрыя вочы ў павуціньні тонкіх маршчынак адкідваюць іскры ва ўсе бакі. Аднэй рукою Драчык абапіраецца аб сасновы белы стол, другою энэргічна махае ў паветры ў тахт сваім словам:
— Люблю шчырасьць! Каб сягоньня вярнуўся з турмы Язэп Крушынскі, гэты бандыт і прахвост, каб вярнуўся ў сваю „культурную“ гаспадарку ды пабачыў, што мы ў яго „салёне“ зрабілі клюб для нашай беднаты і серадняцтва, дык я ўпэўнены, што гэты „культурнік“ не абрадаваўся-б нашай сапраўднай культуры! Люблю праўду, не абрадваўся-б!
У прэзыдыуме ціха перашэптваюцца Мікола Ярэмчык, сакратар райкому і наборшчык Сакалоўскі. Новы сакратар райкому пачаў нешта ўпісваць у невялічкі блёк-нот. Яго густая чупрына блішчыць сівізнай. Калі-ні-калі паднімае вочы з блёк-ноту і пранікліва аглядае сход.
У пярэдніх радох сядзіць у застылых позах моладзь, хлопцы і дзяўчаты з організаванай нядаўна комсамольскай ячэйкі. У некаторых у вачох многазначныя ўсьмешкі. У іншых грозная і акамянелая сур‘ёзнасьць. А вось хлапчук з завостраным носам ловіць па-вучнёўскі кожнае слова прамоўцы. Калі глядзець на яго выразьлівы малады твар і зусім ня чуць прамоўцы, дык па аднэй міміцы гэтага твару можна прыблізна здагадацца, аб чым ідзе гутарка.
— Крушынскага ў нас няма, але люблю праўду, крушыншчыкаў у нас яшчэ ня мала засталося. З імі нам цяпер прыдзецца змагацца, доўга і ўпарта змагацца! Во як весьці бойку! (Драчык сьціснуў кулакі і выпяў грудзі наперад). Я ўпэўнены, што крушыншчыкі будуць нам перашкаджаць на кожным кроку, як яны дагэтуль рабілі! Гэта факт, таварышы! Такіх чорт нямала тут насеяў. (На лаўках замітусіліся. Пачуўся многагалосы гул сходу, нібы дрэвы ў лесе пад ветрам). Крушыншчыкі спакойна жывуць у пасёлках, на хутарох, сярод Драздоў і Дзятлаў, у Гайдачанах. Ваўкі ў авечай скуры! Люблю шчырасьць, таварышы! Чаго варты Слуп і Бочка, наш поп, які ледзь ня старшынёю сельсавету быў у нас! (Зноў на лаўках мітусьня, нецярпплівае шорханьне кажухамі і сьвіткамі аб новыя сасновыя дошкі ўслоньняў). А пра колгас, таварышы, якраз сягоньня, трэба будзе пагаварыць. Пяцігодка — гэта вам ня жарты! Ня думайце, што толькі ў газэтах аб гэтым пішуць. Вы можа скажаце, што нашыя багацеі спакойненька сядзяць, злажыўшы лапкі? Паглядзеце, як у нас прайшла сёлета хлебанарыхтоўка! Люблю шчырасьць! Кулакі правалілі!
На лаўках мітусьня.
— А ты, старшыня, ня сам вінават у гэтым?
— Ты сам!
Гэтыя галасы пачуліся з маленькага гуртка жанчын-удоў, якія сядзелі на аднім з зэдлікаў.