37
Спадчына
У ГАЙДАЧАНСКІ сельсавет прыехала з Мэнску брыгада з двух чалавек — Мікола Ярэмчык і наборшчык Сакалоўскі.
У клюбе ўсё новае і сьвяточнае: невялічкая сцэна з суфлёрскай будкай, на якой выступіла бурштынам клейкая сасновая смала; жаўтаватыя сталы, расстаўленыя каля сьцен; гладка адгебляваныя сасновыя лавы; на сьценах белыя шпалеры з сінімі ўзорамі. Дзьве нікельныя лямпы „молнія“ вісяць пад стольлю, кідаюць роўнае сьвятло на шматгадовы сход. Народу з усёй ваколіцы: Дразды і Дзятлы, гайдачане, пасёлкаўцы, глухаўцы, комунары з „Чырвонага Кастрычніка“, хутаране. Паміж жоўтых кажухоў і сівых сьвітак дзе-ні-дзе вайсковыя шынэлі прымежнікаў. Сярод шэрагаў рознастайных шапак і кучмаў жаночыя хусткі. Рыгор, былы парабак Язэпа Крушынскага, сядзіць на аднэй з бакавых лавак і шэпча белабрысаму суседу на вуха, у той-жа час вачыма глядзіць на сцэну, дзе, сядзіць прэзыдыум сягонешняга сходу. У адзін і той самы час Рыгор слухае і шэпча суседу:
— Сьценкі бакавых пакойчыкаў разбурылі, і вось, бачыш, які вялікі клюб! Раней гэты пакой называўся „салёнам“. Усё барахло адгэтуль выкінулі — вазоны і цацкі на століках, і стары сапсаваны гадзіньнік. Фортап‘яна хацелі адрамантаваць, але нікуды не гадзіцца — таксама выкінулі.
Антось Драчык — новы старшыня Гайдачанскага сельсавету, абраны замест ранейшага, адчыняе ўрачысты сход. Усе ўважна слухаюць. Выцягнулі галовы ў бок сцэны і ня здымаюць вачэй з прамоўцы.
Голас Драчыка (сёгоньня мякчэйшы, чым заўсёды) плыве, нібы човен па спакойным возеры. Толькі калі-ні-калі на гэтым возеры ўсьпеньваюцца хвалі: вырываюцца грозныя выкрыкі па адрасе кулакоў. Традыцыйныя словы Драчыка: „люблю праўдў“, „люблю шчырасьць“ — гэта тыя вёслы, якімі ён кіруе свой човен. Сягоньня, спэцыяльна да гэтай урачыстасьці, Драчык пагаліўся. Суседзі, якія прывыклі бачыць яго заўсёды са скалмачанай бародкай, прыглядаюцца да яго, як да незнаёмага чалавека. Некаторым здаецца, што Драчык памаладзеў. А некаторым, што