Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пры гэтым запытаньні хворы зрабіўся больш цьвярозым, чым да выпіўкі.

— Вось незадаволены людзі адны адным. Нечага новага захацелі. Пачалося з таго, што прыехаў сюды нейкі таварыш, які ў Менску вучыцца, нейкі Мікола Ярэмчык.

… З усіх бакоў, — падумаў хворы. — Там Гайдачаны. Тут новы яшчэ…

— Склікаў сход і чорт ведае, што нагаварыў.

— Аб чым гаварыў?

— Аб усім. У нас, як-бы сказаць, кулакі і беднякі, багатыя крыўдзяць бедных. Гаварыў, што Курганішча трэба зрабіць, як-бы сказаць, цэнтрам колгасу. Але многія за цябе стаялі. У цябе, прыкладам, культурная гаспадарка. Ты — разам з начальствам, добра да людзей адносіўся. Некаторыя ж на сходзе пабіць хацелі гэтага Міколу Ярэмчыка, вялі каманду на тое, каб юху з яго спусьціць. Ён уцёк.

— Вось як… — сказаў хворы лагодным голасам. — Вось як…

І падумаў:

…Гэта горш за Антося Драчыка з Гайдачан. А я-ж яму яшчэ пасылку ад бацькоў аж на кватэру занёс. Старому бацьку праз Рахмільку пяцьдзесят рублёў падкінуў, каб да мяне не чапляўся… Забраць Курганішча…

Хвораму хацелася цяпер астацца сам-на-сам. Лёг і застагнаў. У вачох відаць быў выраз пакуты.

Слуп і Бочка занепакоіліся:

— Зноў горш стала?

— Можа лякарства якое падаць?

Хворы завойкаў:

— Выбачайце, суседзі. Мне трэба аднаму застацца. Нешта ўнутры рэжа. Вось тую бутэлечку з чырвонай паперкай!

Слуп падаў.

— Дзякую. Цяпер ідзеце, браткі. Як памру, благім словам не ўспамінайце…

— Не памрэш!

— Паправішся!

Пакуль Слуп і Бочка ішлі да дзьвярэй, хворы войкаў на розныя лады. А вось за імі зачыніліся дзьверы. Стэфка з дзецьмі на дварэ. Жонка каля гаспадаркі. Нікога ў хаце. Хворы пачаў прыслухоўвацца… Зьвініць у вушох ад цішыні. Дзьве шклянкі гарэлкі для яго тое самае, што нічога…

Гудзе малатарня. Шум воўначоскі і людзкія галасы на дварэ ўрываюцца няпрыемнымі гасьцямі ў цішыню хаты, напамінаюць аб жыцьці, аб руху.

Хвораму няпрыемна…