— Машына зараз паверне налева ў мястэчка Шапалевічы, а мы пераначуем у маіх бацькоў і заўтра паедзем на бацькавым кані ў Гайдачанскі сельсавет, бо там некаторыя набраліся кулацкага раку ад Язэпа Крушынскага.
— Ну, і даўся табе гэты Крушынскі! Часта яго ўспамінает. Ікаецца яму нейдзе…
— Часта ўспамінаю, бо яшчэ шмат Крушыншчыкаў засталося ў сельсавеце.
— Папрацуем! — упэўнена кажа Сакалоўскі, і яго сьветла-шэрыя вочы цямнеюць.
Насустрач брыгадзірам ня то бяжыць, ня то дробныя крокі робіць стары дзядок.
— Міколка… Міколка… — кажа дзядок. Яго прыжмураныя вочы блішчаць вільготнымі ільдзінкамі.
— Гэта мой бацька, — кажа Мікола Сакалоўскаму і глядзіць на старога з такой лагоднай усьмешкай, нібы сталы чалавек на малога сынка.
Аўтобус зьвярнуў за круглую горку пад назваю „Гарадок“. Здалёку чуваць гудкі, яны мякчэюць і губляюцца ў аддаленьні. Сінеюць змрокі. У вокнах хат замільгалі прытульныя аганькі. Над вясковымі стрэхамі, над шасткамі радыё запальваюцца зоркі.
Стары Цыпрук, бацька Міколы, таропіць гасьцей:
— Хадзем у хату, ці што?