Ляснуў яго гаспадар па сьпіне і скупа засьмяяўся.
— Рыжы!..
— Во то-та-ж…
— Як з войску выкруціўся?
„Рыжы“ азірнуўся па бакох.
— Заяц. Уцёк. Жыў у розных мясцох, пісарам воінскіх начальнікаў і прыставам грошы плаціў.
І ў нас ёсьць прыставы і пісары воінскага начальніка. І яны не адмаўляюцца ад грошай. Станавіся і працуй. Вось пры гэтай касе! Газэту будзеш набіраць. Наконта войску наладзім.
Абрадаваўся гаспадар. Ледзь не дармовы наборшчык. Маю для яго добрую пугу — войска…
„Рыжы“ зноў працуе ў знаёмай друкарні. І днюе тут, і начуе. Асьцерагаецца аблаў.
Пасьля рэволюцыі 1917 году „рыжага“ ня стала. Вельмі няўдзячным быў. Пакінуў гаспадара. Але не навекі. Вярнуўся да яго чырвонаармейцам.
— Глядзі! — зьдзівіўся сутулы гаспадар. — Раней баяўся войска, а цяпер асьмялеў?
— Я і раней не баяўся, але не хацеў.
І „рыжы“ абальшавічыў друкарню сутулага чалавека. Потым перад прыходам немцаў астаўся тут на падпольную працу. На Захараўскай вуліцы „рыжага“ пазнаў (хоць пераапрануўся) сутулы чалавек.
— Бальшавік! Бальшавік! — падняў былы гаспадар лямант на ўсю вуліцу.
Сакалоўскага забралі. Цяжка ўспамінаць. Жаўнеры Даўбар-Мусьмацкага павязьлі яго ў Бабруйскую крэпасьць. Выскачыў з вагона, калі цягнік ішоў поўным ходам. А там — лес. А далей зноў падпольле. Пасьля партызаншчына. Уцёкі паноў з Менску. Ён са стрэльбай у руках. Каля вакзала куля легіёнэра трапіла ў грудзі аднаму таварышу, беспрацоўнаму пры паляках настаўніку. Паў настаўнік патыліцай аб брук. Грудзі ў яго былі прастрэлены. Лужа крыві. Стрэльба засталася ў здранцьвелай руцэ. Адразу сканаў. І ўспомніў Сакалоўскі, што гэты настаўнік пры панох усю зіму цыратавую накідку насіў, мёрз. І такая жаласьць агарнула… Сакалоўскі за настаўніка тады ля вакзала трох шляхцюкоў палажыў. Добра цэліўся… Жудасныя былі дні ў Менску пры ўцёках паноў, а пасьля…
Аўтобус спыніўся.
— Што здарылася?
Шофэру зубы забалелі. Ехаць ня можа.
— Ці няма зубных кропляў, ёды або гарэлкі?
— Няма.
— Дайце цёплую хустку абвязаць твар.