апранула яго ў новае адзеньне, прычасала, накарміла і нязвычным для яе лагодным голасам сказала:
— Хадзем, сынку…
Павяла на Губарнатарскую вуліцу. Праз усю дарогу яму здавалася, што лепшага і харашэйшага за яго гарнітур няма ў Менку. Паважнеў… Памякчэў натурай… Толькі адзін разок ірвануўся з рук маткі, каб расквітацца з нейкім шаламызьнікам-хлапчуком, які выставіў яму язык і сказаў:
— Вытры смаркачы…
Маці завяла яго ў друкарню. Да яе падышоў сутулы паджылы чалавек у акулярах і запытаўся:
— Гэты?
— Ён самы.
Сутулы чалавек пагладзіў бародку, заківаў галавою і заўважыў:
— Маленькі ён у цябе…
Маці занепакоілася і бараніцца пачала ад сутулага чалавека:
— Маленькі, але жвавенькі. Паночку мой, ён добра чытае. Сам вось чарцёнак навучыўчя, бяз школы.
Умовіліся цэлы год бялізну мыць у гаспадара. За гэта яе сын будзе вучыцца за наборшчыка.
У друкарні хлопчыка назвалі „рыжым“.
— Рыжы! — крыкне вечна злосны машыніст, — прынясі піва!
— Рыжы, прынясі папяросы!
Цэлы год „рыжы“ рабіў уборку ў друкарні, прыносіў піва і папяросы, цягаў пакі з паперай, быў падручным. Цэлы год яго маці дарма мыла бялізну для вялікай сям‘і гаспадара друкарні, карміла сябе і сына. І толькі пасьля гэтага „рыжага“ дапусьцілі да касы — да разбору шрыфтоў. Потым ён стаў наборшчыкам.
Гады вар‘яцкай працы па дванаццаць і больш гадзін у суткі. Ён пачаў зарабляць па чатыры-пяць рублёў на тыдзень і лічыў сябе забясьпечаным маладым чалавекам. Памёрла маці. Забастоўкі. Вандраваньне з друкарні ў друкарню, з гораду ў горад. Беспрацоў‘е. У рэволюцыі 1905 году, хоць быў яшчэ падлеткам, але ва ўсім прымаў удзел разам са сталымі рабочымі.
Нясупыннымі вандроўцамі ішлі гады. Разгортваліся. Згортваліся.
І вось аднаго разу ў 1916 годзе „рыжы“ зьявіўся да свайго першага гаспадара.
Сутулы чалавек сустрэў яго ў тых-жа акулярах, з тэй-жа бародкай, у тэй самай змрочнай і пыльнай друкарні на Губарнатарскай вуліцы. Зусім не зьмяніўся гаспадар. Ледзь-ледзь толькі бародка мукой абсыпана і ледзь галава асьнежана. Затое „рыжы“ зьмяніўся.
Глядзіць гаспадар і не пазнае.
— Не пазнаяцё?
— Не.
— Рыжага памятаеце?