Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/291

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у Шапалевіцкі раён, едуць брыгадзірамі ў Гайдачанскі сельсавет — на бацькаўшчыну Язэпа Крушынскага — дапамагчы ў працы колэктывізацыі вёскі.

Шумна было ўчора на сходзе парт‘ячэйкі інстытуту. Малеўскі сам хацеў ехаць. Ён астаўся на другую чаргу. З інстыту разьяжджаюцца сягоньня ў розныя месцы каля дваццаці чалавек партыйцаў і камсамольцаў. Усе па аднэй справе, аб якой цяпер у сквэрыку крычыць радыё, — колектывізацыі. І так з усіх установаў, з усіх фабрыкаў і заводаў будуць штурмаваць рэшткі, старога ладу па розных куткох краіны.

Пад‘яжджае аўтобус.

— Ці ня наш? — нэрвуюцца пасажыры.

Па адшліфаваным да ільдзянога асьляпляючага глянцу пляцу аўтобус робіць павольны і плаўны паўкруг, пыхціць, дае частыя сырэны і спыняецца недалёка ад лаўкі.

Пасажыры, як па камандзе, паднімаюцца з сваіх месц:

— Га?

— У Шапалевічы?

— У Шапалевічы!

— У Шапалевічы!

Ля аўтобуса мітусьня. Трывога. Таўканіна.

Шофэр у сівай кубанцы ў чорным раманаўскім кажуху паважна гладзіць чорныя пышныя вусы, глядзіць на ўзбунтаваны гурт пасажыраў, як на блазноту і просіць строгім голасам:

— Супакойцеся, грамадзяне! Камандзірованыя ў першую чаргу!

З-пад яго вусоў валіць белая пара. Аднэй рукою шофэр трымаецца за шчаку, нібы яму зуб баліць.

Крыкі. Скаргі. Разьвітваньні са сваімі. Нейкая круглабокая сялянка падае аднаму пасажыру, які ўжо стаіць на сходцах машыны, дзіця, захутанае, нібы мумія, у чырвоную коўдру, просіць: „дапамажэце, дзядзенька, а то дзіцё штурхануць“.

Ей даюць дарогу наперад. А вось чалавек з жоўтым портфэлем глядзіць на ўсіх злоснымі заспанымі вачыма, прабівае сабе дарогу локцем і крычыць:

— Не вароньце! Не вароньце!

— А вы ня піргайцеся, грамадзянін! Яшчэ гінтэлігент называецца! З портфэлем, а ў бакі таўчэ…

Хвілін пяць пасажыры ўсаджваюцца. Хвілін пяць чакаюць. Зьявілася яшчэ пара з чамаданчыкамі. Нідзе вольнага месца. Усаджваюцца на сваіх чамаданчыках і адзін аднаго частуюць цукеркамі. Спакойна іх вылушчваюць з паперак. Шофэр нібы гэтага толькі і чакаў. Даў пару адрыўных гудкоў і крануўся з месца.

Мікола Ярэмчык і Сакалоўскі сядзяць побач ля вакна. Моўчкі прыглядаюцца да пасажыраў, а потым адварочваюцца да вакна. Мікола рукавіцай выцірае шыбу. Павольна адсоўваецца Пляц волі. Шпарчэй пачынаюць плысьці вуліца за вуліцай.