Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/284

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Няма чаго баяцца. Нашыя па вёсках пачалі энэргічна бараніцца. А нам трэба паказаць ім дарогу да адважнага наступленьня. Трэба, каб нашыя гарачым шквалам рынуліся на „іх“. Ён любіў мэтафоры. — Надышоў час, калі нам трэба крыкнуць „годзе!“ А Крушынскага я знаю. Ён глупства гаварыць ня стане. Папрабуйце яго, Цярэшка, ратаваць. Сувязі ў нас ўсіх адны і тыя самыя. Крушынскі ваш стрыечны брат, і вам зручней гэтым займацца. Толькі асьцярожна.

— Я ўжо пробаваў намацваць розныя грунты, пакуль што мала надзеі.

У сфінксавых вачох засьвяціліся блакітныя сьветлячкі:

— Крушынскі не прападзе. Ён не з такіх. Ён вырвецца. Уцячэ. А пакуль за нас возьмуцца, тут могуць адбыцца вялікія падзеі. Тады мы за „іх“ возьмемся.

Падняўся з месца чорнавусенькі Саколіч. Вусікі пальцам пашліфаваў і сказаў:

— Не кажы „гоп“, пакуль не пераскок. Хі-і-ік. (Ён па прывычцы хікнуў горлам). Вось бачыце, што здарылася на Ўкраіне? Там галовы ня менш спрытныя за нашыя. Яшчэ пакуль што ў нас Яфрэмавых няма. А дзе ён апынуўся? Хі-і-ік. Першым чынам трэба, каб кожны з нас самога сябе добра рэвізаваў. Усе компромэнтуючыя дакуманты зьнішчыць. У інстытуце таксама… Там гэты Малеўскі… Хі-і-ік. Ён мне вельмі не падабаецца. Ён, мабыць, чорт ведае што пра нас думае. Учора я праходзіў ля дзьвярэй ячэйкі. Нікога ў калідоры, ня было, і я пачаў прыслухоўвацца. Гаварылі нешта пра Ўкраіну і нашыя імёны ўспаміналі.

— У страха вочы вялікія, засьмяяўся чалавек бяз знакаў прыпынку. — Мала аб чым там гаварылі. Вы не дачулі, а вам і здалося.

— Хто яго ведае! — Саколіч устрывожана глядзіць праз вакно на лапчасты сьнег. — Вось што я мяркую. Хі-і-ік. Нам трэба на нейкі час ліквідаваць свае портфэлі. Хі-і-ік.

— Што-о-о? — ускіпеў чалавек бяз знакаў прыпынку і пачаў выціраць акуляры. — Калі адышоў час дзейнічаць, дык вы рукі апускаеце? Не забывайце, Саколіч, што мы гэтулькі год разам працавалі. Не забывайце, што колькі часу таму назад, вы, Саколіч, у гэтым-жа пакоі гаварылі: „будзем рэзаць тых, хто супроць нас“. Я тады лічыў вас моцным чалавекам. Вы так лёгка ад нас не адыйдзеце. Бо мы… — ён падняўся з месца. — Бо ў нас ёсьць сіла, якая… якая вас прымусіць…

— Ніхто мяне ня прымусіць! — Саколіч стукнуў кулаком аб стол, і з пепельніцы высыпаліся акуркі. — У мяне ёсьць жонка і дзеці. Яны аб нашай організацыі ня ведаюць. Хі-і-ік. Яны не павінны дзеля мяне, хі-і-ік, цярпець. Яны… Калі я пападуся, дык што з імі будзе? Хі-і-к, хі-і-ік… — У Саколіча хадыром захадзіў твар, а горлам ён вырабляў такія гукі, нібы косткі глытаў і давіўся імі.