— Малайчына „Ярмак“!
Як бацька „Ярмак“ вядзе наперад сваю сталёвую сям‘ю, прабівае дарогу сярод ільдзін да бальшавіцкіх берагоў…
— Гэй, набліжайцеся да нас, любыя, родныя берагі!
Дзьве падводныя лодкі зацёрліся ў лёдзе, закавылялі туды і сюды, як дзеці, якія толькі што хадзіць пачынаюць… Крычаць іртамі сырэн, лемантуюць, просяць:
— Ра-а-ату-у-уй!!!
Варочаецца назад „Ярмак“. Грызе лёд, бакамі туды і сюды трэцца, нібы тоўсты дзядзя сярод цеснага натоўпу. Дыміць аграмаднай цыгарай-комінам.
— Вось вам, дзеткі, сьцежачка! Дайце ручкі!
Зноў ідзе караван наперад.
Рады матросы. Трохі голад трывожыць. Мала провізіі. Ня думалі, што так марудна і павольна пойдуць. Дзеляцца апошнім…
— Пацерпім…
Яшчэ ноч.
Яшчэ дзень.
Горшае і цяжэйшае ззаду. Лепшае і лягчэйшае наперадзе.
І вось з туманістай белай далі пачалі вырысоўвацца доўгажаданыя перадавыя фарты Кронштадта…
Бальшавіцкія берагі…
Забылі голад, сьцюжу, да крыві намазоленыя рукі.
Малеўскі жмурыць вочы і зноў іх шырока расплюшчвае. Скінуты з плеч усе цяжкасьці пройдзенага шляху. Матросы радуюцца, як дзеці.
…Бліжэй, бліжэй…
Прыгожы „Ярмак“ ганарыцца ярка-чырвоным сьцягам.
…Зараз, зараз…
— Ура-а-а!!!
…Выратавалі бальшавіцкія караблі…
.....................................
Малеўскі падбадзёрыўся.
Калі пролетарская грамадзкасьць загаварыла пра небясьпеку ў інстытуце, дык і гэты карабель будзе выратаваны. Ніякія торосы яго на шляху не затрымаюць. Бальшавіцкія ледаколы скрамсаюць лёд і разатруць у пыл. Карабель вольна паплыве да сонечных берагоў Соцыялізму.