Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/278

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

клубіцца густая пара. Фінская затока закута ў тоўсты ільдзяны панцыр. Па мігатлівай бялявасьці ільдзяной пустэчы, якая сьлепіць вока, захрасла ў лёдзе многа савецкіх караблёў: крэйсары, мінаносцы, падводныя лодкі. За ўвесь час імпэрыялістычнай вайны набралася іх шмат ля Гельсынгфорсу. Дымяць коміны. Калі-ні-калі пераклікаюцца сырэны.

Трэба ратаваць бальшавіцкія караблі, пакуль ня позна, а то белагвардзейцы Фінляндыі галовы паднімаюць…

Трэба ратаваць…

— Нічога з гэтага ня будзе, — кажуць некаторыя з камандзіраў. — Загінуць караблі… Будзем ратавацца самі, пакуль ня позна…

А матросы сваё:

— Няўжо-ж ворагу пакінем. Матросы ня верылі старым камандзірам і адважыліся.

— Ледокол „Ярмак“ выратуе „Крэчэт“ дапаможа. У яго моцны сталёвы нос.

Угрызаўся зграбны асілак „Ярмак“ у лёд да вар‘яцкага хрусту і трэску. Лёд крахтаў, падаваўся, крушыўся, як цукар. Барозны з вадой зноў зацягваліся плеўкаю тонкага ільда. Гневаўся мароз. Як гэта адважваюцца людзі руйнаваць яго ільдзяныя палацы?

Паехаў так-сяк караван савецкіх караблёў. А здалёку сачыў варожы ледакол. Матросаў было мала, а харчоў і на гэтых было скупа.

На караблі з гневам лезьлі зялёна-сівыя магутныя торосы. Здалёку пагражалі застылыя асілкі-шхэры.

Павольна рухаўся караван наперад. Мінаносцы выглядалі сярод торосаў пабітымі варонамі. Цёрлі бакі, камечылася сталёвая абшыўка. Пачалі абрывацца буксіры. Цярплівыя былі матросы. Зноў ладзілі. Пакуль што перамога была на баку людзей.

Ноч. Мароз. Над ільдом малочны сьцюдзёны туман. Ісьці наперад небясьпечна — шхэры, мелі. Па белай сьнежнай густэчы вандруе цішыня. Караван адпачывае. Матросы жартуюць, бадзёраць адны адных. Дзеляцца харчамі.

Пераклікаюцца сырэны:

— Жывем! Жывем!

— Можа яшчэ дзянёк, і мы выратуемся…

— Зноў цішыня.

У бялявай сьлепаце цёмныя плямы караблёў.

Нікому матросы-бальшавікі не аддадуць гэтых дарагіх сталёвых скрынь… Нікому!..

Раніцою, як толькі трохі расплыўся туман, пасунуліся далей. Кожны за сваю працу.

Бадзёра гучыць каманда.

Зноў крэхча лёд. Ня можа ўстаяць супроць магутных сталёвых і вострых грудзей „Ярмака“. Лёд стогне. Трашчыць зімовы кажух Фінскай затокі…