Катэдра марксызму-ленінізму яшчэ нядаўна організавана ў інстытуце. Гэта катэдра самая высокая шчогла новага карабля. Але яна яшчэ праз меру маладая, ківаецца ва ўсе бакі. Профэсары-марксысты вельмі заняты ў розных іншых установах.
— Няма калі, таварыш Малеўскі. Гэта наш абавязак. Мы ведаем, але нас на кавалкі разьдзіраюць. Дайце агледзімся.
Пацее матрос. Працуе. Няма калі лячыць свой флюс. Прывык да яго…
…Тут куды цяжэй, чымся ўвосень 1919 году бараніць ад Юдзеніча Петраград і Кронштадт. Тут больш складаная справа, чымся вызваленьне Чугуева ад юнкераў.
Малеўскі ўспомніў Волгу, Дон, Украіну — усе мясцовасьці, дзе толькі яму прыходзілася бываць абвешаным гранатамі, са стрэльбаю ў руках і з наганам за поясам.
Яго пакой, самы меншы ў інстытуце побач з абшырнымі пакоямі (у некаторых і скураная мяккая мэбля), ніколі ня пуставаў, ніколі ня быў маўклівым сіратою, як іншыя габінэты.
З матроскай настойлівасьцю Малеўскі ўвайшоў у газарт навукі.
Напісаў гісторыю свайго роднага мястэчка. Тры вярсты ад тэй вёскі, дзе жылі яго бацькі. Гісторыю пачаў з часоў рэволюцыі 1905 году. Паказаў старому профэсару — нізенькаму, голенаму, вясёленькаму, далікатненькаму. Той прагледзеў, ветліва ўсьміхаўся, спрытна жартаваў ды ўсё паўтараў:
— Няпоўна. Няпоўна. — Ківаў галавою і паказальным пульхлым пальчыкам. — Але ў вас, таварыш Малеўскі, добры нахіл да гістарычных навук. Працуйце ў гэтым кірунку. — Ён трос руку Малеўскага, з усьмешкай у вочы зазіраў, нахіляў галаву. — Працуйце! Працуйце! — Ён нібы літасьці прасіў у Малеўскага. — Працуйце… Працуйце, таварыш Малеўскі…
І даў Малеўскаму сьпіс матэрыялаў, паводле якіх трэба дапоўніць гістарычны нарыс аб родным мястэчку.
І Малеўскі пачаў „дапаўняць“. Павандраваў на маленькім чаўночку па балотных вазёрах ад пятнаццатага да апошняга стагодзьдзя: князі, графы, княгіні, графіні, кляштары, вунія, кальвінізм — усё вакол роднага мястэчка, увесь гэты божы народ і божыя справы. А мястэчка з рук у рукі пераходзіла, як пасаг, ці як спадчына, ад адных магнатаў да другіх… Паміралі адны, нараджаліся другія…
Твор надрукавалі ў адным са зборнікаў прац інстытуту.
Наборшчык Сакалоўскі першы заўважыў:
— Улез, ты, Яначка, да графаў і княгінь. Улез, як мыш у саладуху.
Паплыў матрос!
Ад хваляваньня Малеўскі ўсё тармашыў павязку на сваім флюсе. І публічна сказаў на агульным сходзе:
— Памыліўся, таварышы… Каросты набраўся. І на мяне вось уплыў зрабілі. Трэба бараніць кадры ад уплыву некаторых