Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/272

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

па розных габінэтах інстытуту: маршалкі, дзянікінцы, урангелеўцы, міністры, адэсыты, радаўцы-замежнікі. Іхняе мінулае лезла наверх, нібы кот з завязанага мяшка. Колькі пісаных протэстаў да начальства і ціхіх праклёнаў сыпалася ад натуршчыкаў „ценяў“ на аўтара. Каб усе гэтыя праклёны спраўдзіліся, ад аўтара і пылок не застаўся-б. Ён перажыў-бы дзесяткі розных мучэньняў — ня менш за падпольніка рэволюцыянэра ў дэфэнзыве сучаснай Польшчы. Былі ператвораны ў адзін экстракт праклёны ўсіх вякоў. Хоць вазьмі ды злажы з іх доўгі, як мінуўшчына, верш. Чалавек бяз знакаў прыпынку прапанаваў Цярэшку напісаць на Александровіча контрпоэму і падпольна яе распаўсюдзіць па Беларусі. Былыя і будучыя (паводле іхняй упэўненасьці) „міністры“ скрыгаталі зубамі і на гэту тэму гаварылі зусім ненавуковай тэрмінолёгіяй.

— Ці пераробіш іхнюю натуру? — пытаўся Малеўскі на партыйных сходах.

— Гэтыя людзі не пераварацца ў савецкім катле. Яны шмат шкоды прынясуць. Яны затрымліваюць савецкую навуку. — Так гаварыў адзін з наборшчыкаў друкарні інстытуту, таварыш Сакалоўскі. Яго сьветла-шэрыя вочы цямнелі, і па твары ўглыбляліся маршчыны. — Я часта, набіраючы іхнія творы, гавару сваім таварышом, што праз меру шмат увагі аддаецца старасьветчыне, народным песьням, казкам. У гістарычных працах ды іншых навуках я мала разьбіраюся. Ведаю адно, для нашага брата, рабочага, яны нічога ня пішуць. А ліха іх знае гэтых „маршалкаў“, — што яны сабе мяркуюць. Можа рыхтуюць нам нож у сьпіну?

У голасе Сакалоўскага боль і няўпэўненасьць. Ён глядзіць на ўсіх такімі вачыма, нібы паратунку просіць.

Чарнявы і худатвары наборшчык Левінсон стучыць кулаком аб стол. Часта міргае гарачымі вачыма і кажа ўспыхваючым ад гневу голасам:

— Раней на грамадзянскім фронце і нашыя маладыя дзеці ведалі, дзе вораг, а цяпер патрэбна пільнае вока, каб упору ўгледзець яго. Чуцьцём мы яго адчуваем, але вось вазьмі яго за вушы, калі ён лемантуе, што за савецкую ўладу галаву аддае!.. Чаму з нашымі кадрамі ў інстытуце так кепска справа пастаўлена? На кожнага асьпіранта накладаюць цэлыя мяшкі грамадзкай працы, а вучыцца не даюць.

Левінсон хвалюецца. Голас яго пераходзіць на пісклівыя ноткі.

— З кадрамі зусім кепска, — згаджаецца Сакалоўскі.

Старшыня інстытуту, паджылы лысы і круглы, махае рукамі і гаворыць заўсёды кволым басам адно і то самае:

— Савецкая ўлада даўно амніставала старыя грахі, Людзі працуюць шчыра. А калі і робяць памылкі, дык хто з нас іх ня робіць? З кадрамі трэба нешта зрабіць. Гэта праўда, што явы ў чорным целе.