Два.
Тры.
Мічман і лейтанант нават болю не пачулі.
Малеўскі і яго таварышы трапна бралі „на мушку“.
Два трупы скаціліся з палубы і плюхнуліся ў зялёныя халодныя хвалі.
Выскачыў на стрэлы бравы, вусаты, румяны контрадмірал — страхацьцё карабля, люты зьвер. Скасіў вочы і грымнуў:
— Так вы з немцам ваюеце? Так вы бацькаўшчыну бароніце?
Яго цапнулі жыўцом. Твар хадыром хадзіў, як цёплая квашаніна. Рукі і ногі дрыжэлі. Шамкаў зьбялелымі губамі:
— Б-б-братцы… М-м-мілыя…
— Цяпер — братцы, а раней — сволачы? Цяпер — мілыя, а раней — скаціна?
Нібы воўк з пасткі, тарашчыў вочы на сотні гарачых матроскіх твараў. Ведаў, што ў процьме іхніх рознакаляровых вачэй яго пагібель. І гукі выдаваў ён агідныя. Схапіўся рукамі за жывот…
— Ну, і засьмярдзеў-жа ты, ваша высокаблагародзьдзе! Купайся!
І ён паплыў да сваіх таварышоў…
На караблі закіпела новае жыцьцё…
І блізкім стаў „далёкі сьвет“…
І гэты далёкі сьвет разгортваўся перад матросам-бальшавіком багата-барвнымі пэйзажамі сухапуцьця і неахопным курадымам морскіх далячынь. Бойкі з белымі бандамі ў партох і ў водным аддаленьні ад берагоў, дзе мінная пагібель мэталёвымі акуламі сьцерагла бальшавіцкія судны. Пажарыўся ў бунтох і мецяжох вялізны абшар цяперашняга Саюзу.
— Ад Гельсінгфорсу да поўдня. Купалася ў крыві Украіна. Трупамі была ўгноена Донская зямля. На каўкаскіх горах пераклікаліся гарматы. Ад Сібіры да Самарканда кулі песьні сьпявалі. Беларусь з лясоў і балот паноў падстрэльвала… Усюды палыхалі пажары. Усюды двоіліся фронты. Усюды чырвоныя і белыя. Матрос-бальшавік Малеўскі са сваімі таварышамі многа дзе пабываў на моры і сушы ад ліквідацыі юнкераў і ўдарніц Кераншчыны да зьнішчэньня апошніх банд на рознакліматнай бальшавіцкай зямлі. Гады былі апрануты ў шырачэзныя бурносы мітынгуючых гарадоў і разгойданых у агні і мецяжох вёсак. Гады былі апрануты ў трупы. Бурныя, ліхаманкавыя, галодныя гады выкоўвалі на сталёвых кавадлах гісторыі новую эпоху.
Малеўскі вярнуўся дадому праз дзесяць год. Успомніў словы сухотнай маці:
— Бог ведае, ці пабачымся…
Так яно і было. Але не ад сухотаў памёрла маці. Яе на сьмерць закатавалі панскія легіёнэры за яго — за тое, што ў яе сын бальшавік…