Апрыкрыла яму мора з затуманенымі далямі зімою і крыштальна яснатою ўлетку. Драіў палубы на розных караблях, розных мясцох „далёкага сьвету“ Балтыйскага мора.
Часта сядзеў запёрты ў карцары альбо станавіўся „пад ружжо“. Тады, да Кастрычніка, матрос быў ва ўсім вінаваты, вечным злачынцам у вачох начальства. У часе вайны Малеўскага разам з іншымі матросамі перакідвалі, як пілку, з фронта на фронт, з мора на сухапуцьце, з сухапуцьця на мора. І ўсюды начальства было імі нездаволена. Малеўскі быў членам падпольнага рэволюцыйнага гуртка. І ня мог быць спакорлівым, ня мог быць тым „быдлам“, як начальству жадалася. Ня так глянуў — карцар. Не такое шчырае было „рад старацца“ — пад ружжо. А то сьпіна яго начальству не спадабаецца — „сволач! скаціна!“
Расла нянавісьць дзьвёх сіл, вырывала злосныя хрыпы з горла, выбівала іскры з вачэй, сьцісквала далоні ў кулакі.
— Эх, калі ўжо надыйдзе той час… — вырываліся часам паміж волі бунтарскія словы.
Начальства нюхала паветра. Аднак і яно баялася „братвы“. Гарачыя былі хлопцы. Адзін за аднаго — гарою.
— Калі прыдзе вызваленьне?..
Лютаўская.
Настаражылася начальства.
Балтфлётаўцы нічога ня ведалі. Газэты з берага не дапускаліся. Газэты былі больш небясьпечны за нямецкія міны.
Але ці будзеш хаваць шторм за пазухай?
Даведаліся матросы.
А як даведаліся…
…Шэпты…
…Гарачыя вочы…
Раз —
Да пірамідаў са стрэльбамі…
Два —
Чырвоныя сьцягі…
Мітынг…
Усё гэта ў мгненьне вока.
— Надышло доўгажаданае!..
— Ад нас хавалі!..
— Будзем спаганяць даўгі!…
— Зараз-жа расправімся з імі!..
Пажар матроскіх вачэй. Грымоты слоў. І ўсё гэта так раптоўна — начальства не агледзелася. А як агледзелася, крыкнула:
— Што вы, сволачы, робіце?
Старая прывычка кляшчом уелася.
Матросы адказалі:
Бац са стрэльбаў —
Раз.