Мікола і Драчык пайшлі шпаркім крокам у „Чырвоны Кастрычнік“. Яны заўважылі, што ім насустрач ідзе „Леў Талстой“, размахвае рукамі, і ад шпаркай хады яго барада разыходзіцца венікам па грудзёх. На лобе, як у шофэра, блішчаць акуляры. Стары на гэты раз босы, што з ім рэдка бывае. У яго такі імпэт і адвага, нібы выступае адзін супроць варожата войска. Як падышоў блізка, ледзь адсапнуўся і запытаў:
— Чулі?
— Чулі.
— Ведаеце?
— Ведаем.
Жоўты пясок прыстаў да яго ног. Стары выняў хустачку, выцер успацелы лоб і акуляры. Насунуў іх на нос і давай узірацца падазроным вокам то ў Драчыка, то ў Міколу. Нарэшце запытаўся сумным голасам:
— Дык вы ўжо ведаеце?
— Ведаем…
Ён асекся. Разачараванасьць мільгнула ценем па яго твары: так хацелася, каб яны яшчэ ня ведалі, каб ён ім першы апавядаў пра гэту навіну, каб…
Пайшоў побач з імі. Некалькі хвілін трымаўся за грудзі абедзьвюма рукамі. Як трохі адсопся, зьвярнуўся да Міколы і Драчыка голасам, у якім чулася шчырая просьба:
— Так. Я вам усё такі раскажу. Ёсьць магчымасьць, што вы, магчыма, яшчэ ня ўсё ведаеце…
— Раскажы.
Драчык і Мікола ўсьміхаліся.
„Леў талстой“ гаварыў і гаварыў… У вялікім бурным моры яго гутаркі часта сустракаліся маленькія выспачкі: „так“, „трэба прызнацца“, „тоіс“. Па ўсім гэтым можна было падумаць, што злачынцаў злавіў ён сам…
Ня гледзячы на такое няшчасьце, што здарылася ў комуне Драчыка і Міколу агортвала радасьць. Кожны з іх думаў адно і тое самае:
— Вораг злоўлены.
Вакенцы Цыпруковай хаты — нівялічкія аправы для малюнкаў, але яны ахопліваюць сабою, нібы прыжмураныя чалавечыя вочы, абшары далягляду. З гэтых вакенцаў можна бачыць густы стромкі лес. Ён застыў наводдалі кучаравай аграмадзінай і ледзь рухае вершалінамі, перабірае зазубленай верхавінай, нібы грэбнем, сівыя камкі воблакаў. Старому Цыпруку відаць ледзь прыкметнае ківаньне дрэў. На заходзе сонца на лес насоўваецца са змуруднага поля нябес агнёва-крывавая шапка. Тады ўся адлегласьць ад лесу да Цыпруковай хаты: паплавы, поле, узгоркі, дахі будынкаў, агароды і дарога апранаюцца ў палосы ценяў колеру павуціньня. Тады невялічкія сямейкі дубоў дзе-ні-дзе