— Схавай так, каб і твае хатнія ня ведалі, — чуе ён замагільны толас Троські.
— Добра. Зараз…
Раніца льле на дзядзінец ружовы сок. Дахі выглянцаваны.
Раптам Крушынскі задрыжэў усім целам. Троська ухапіўся за старое піяніна цэпкімі рукамі. Палахліва завойкаў расстроены інструмант.
Гучны стукат у дзьверы.
Голас Драчыка грыміць на ўвесь дзядзінец:
— Ад-чы-ні-і-і!
У другі раз:
— Ад-чы-ні-і-і!
Крушынскі да Троські:
— У алькерык і праз вакно ў сад…
— Зловяць… На дварэ міліцыя…
— Прарвешся…
— Куля дагоніць… Узброеныя…
Крушынскі самому сабе:
…Пацук у ваньне…
…Хіба цуд…
Гусінымі лапкамі расплыўся па вакне першы прамень новага дня. Здалося Крушынскаму, што вокны зазьвінёлі.
Жонка і дзеці прачнуліся. З другога пакоя, дзе яны сьпяць, чуваць:
— Што такое? Хто тут?
— Ад-чы-ні-і! А то будзем дзьверы ламаць!
На ганку старасьвецкага фальварку грозны гул галасоў.
Позна ў ночы вярнуўся з мястэчка Марцін.
І да і пасьля яго прыезду з уяўленьня Міколы ня выходзіў „Леў Талстой“.
„Цікавы тып. Прачытаў яго рукапісы. Стары пісар земскага часам цікавыя рэчы паказвае. Адна нага ў мінулым, другая — у сучасным“.
Ня сьпіцца.
Некалькі разоў яго прабудзіў дзіцячы плач Зорачкі. Мэра люляла яе, сьпявала:
|
А-а, а-а, мой каток, |
Сьціхне Мэра, і Зорачка просіць:
— Сьпявай, мама…
— Сьпі.
І зноў:
|
— А-а, а-а, мой каток… |