Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/259

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

33

Ці выратуецца


ХІТРЫКІ на гэты раз ня чуваць у голасе Троські. Крушынскі вывучае ўсе маршчынкі на яго твары. Змрок парадзеў. Атрамант вакон разбаўлены вадою. На ўсходзе неба пажарышча раніцы. Нехта разьвешвае па небе акварэлі, замазвае адны і малюе новыя. На дзядзінцы павольна вызваляюцца са сьлепаты змрокаў абрысы будынкаў. Хваёвае бярвеньне насупроць вакна адлівае кракадзілавай скурай.

Пад сьпевы вясёлых ранічных птушак Крушынскі думае невясёлыя думкі. Яны расшчапіліся ў яго на дзьве часткі, як зьмяіныя языкі. Гаворыць да Троські адно, а мяркуе другое. Пацее, задыхаецца, не хапае паветра.

Уважліва раіць, пытаецца, а ў той-жа час пасылае самому сабе дэпэшы-маланкі.

Да Троські:

— Кепска зрабіў, што дзе-небудзь у лесе не схаваўся на дзень-два.

Самому сабе:

…Паеду ў Менск да сваякоў і адтуль уцяку. Грошы ёсьць. Буду жыць пад чужым дакумантам, як той аграном.

Голас Троські:

— У лесе хавацца баяўся. Цяпер позна. Яшчэ хто ўгледзіць…

Крушынскі да яго:

— Пашоў-бы да Пархамчука.

Самому сабе:

…А можа лепш перадаць млын сельсавету. Можа зноў выплыву наверх? Пацук у ваньне? Глупства…

Голас Троські:

— Я-ж табе казаў, што небясьпечна ў Пархамчука… Блізка ад комуны.

Крушынскі да яго:

— Добра, я цябе схаваю.

Самому сабе:

…Перадам яго ў рукі ўлады. А што будзе, калі ён на судзе выдасьць Пархамчука, а той — мяне? Спакайней усё-ж такі схаваць яго да вечара, а пасьля няхай ідзе, куды хоча… Не! Узмацню свае пазыцыі, калі выдам Троську… А каб замесьці сьляды…