Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/255

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дзядзя, аз-два-евай!

— Як гэта аз-два-левай?

— Як піонэй!

— О, дык ты аб піонэрах ведаеш?

Пайшлі ў хату. Мэра запаліла невялічкую лямпачку. Паставіла ежу на стол.

— Бліны цьвёрдыя, дык можа лепш тварог з хлебам будзеш, швагрок, есьці?

— Сяг‘ёк, сяг‘ёк казе мама.

— Ціха ты, папугай!

— Мама казе „папугай“…

— Дай дзядзю есьці!

— Даю! (бярэ авалак хлэба) На, дзядзя!

Сьмех.

Мэра да Зоркі:

— Ідзі спаць, Зорка.

— Не хацу…

Вокал лямпачкі на стале сьветлы круг. Па хаце клубіцца змрок. Зорачка сядзіць ў дзядзі на каленях, перашкаджае есьці.

— Дай дзядзю есьці!

— Дам!

Праз хвіліну яна засыпае ў Міколы на руках…

— Напрацавалася малая за дзень. Мікола асьцярожна перадае Мэры дзіцё. Мэра кладзе яе на ложак і падыходзіць да Міколы.

— Колькі я даведаўся тут пра Крушынскага! Як гэта, Мэра, можаш маўчаць? І ўсе вы тут!

— Ціха, малую разбудзіш. Небясьпечна аб ім гаварыць.

— Усе вы яго баіцёся.

— Усюды яго людзі.

— Мы іх раскапаем!

Мікола заўважыў, што Мэра занепакоілася, пацягнулася да яго тварам, нібы нешта цікавае хоча яму сказаць. Са страхам у чорных вачох адсунулася назад. Яна павялічыла агонь лямпы, ціха падышла да ложка, тканінай затуліла Зорачку ад сьвятла.

— Ты, Мэра, нешта хацела сказаць мне?

— Так… не…

Яна пачырванела. У яе вачох зноў нешта мільгнула і схавалася.

…Сказаць ці не?.. Пра Крушынскага…

Мікола ня здымае з яе вачэй.

— Ты падобна цяпер да маёй жонкі.

— Родныя сёстры.

— Нешта хочаш мне сказаць…

Трэснула шкло ад лямпы. Мэра ўздрыганулася. Зьменшыла агонь.

Мікола не адстае:

— Гавары…