Айцец Дзімітры жмурыў вочы і гладзіў бараду. І нешта прымусовае і надмеру стараннае відаць было ў яго жмураньні вачэй і гладжаньні барады. Вось нібы хтосьці пад страхам загаду прымушае папа рабіць гэта, а самому зусім ня хочацца.
— Нічога сьпешнага няма ў мяне. Калі ласка, бацюшка! Добра, што вы прышлі. Вельмі добра…
Цярэшка хаваў глыбока ўнутры зьмяю незадаволенасьці, рабіў гасьціныя вочы і адкладваў прылады сваёй поэзіі — паперу і ручку.
Такое далікатнае абыходжаньне ён таксама лічыў саматрэніроўкай. Калі надыйдзе той сьветлы час і ён громагласна і ўсенародна будзе міністрам, дык пэўна прыдзецца часам назначаць аудыенцыі такім наведвальнікам, з якімі і гутарка ніякай прыемнасьці ня дасьць. Але трэба сябе прывучаць…
Тым часам айцец Дзімітры перабівае яго думкі:
— Так хочацца з інтэлегентным чалавекам пагутарыць. Так хочацца… Так у бязводнай пустэчы чалавек піць хоча…
Апошнія словы „піць хоча“ выклікаюць у „міністра асьветы“ пэўны рэфлекс. Ён прымае са стала папяровую пустэчу, і Стэфка, жонка гаспадара, прыносіць на стол закускі. Сам Цярэшка ставіць бутэльку віна. Прывёз з Менску цэлую скрыню бутэлек.
Такія папоўскія гадзіны адбываюцца ня штодня, але даволі часта.
У часе віпіўкі поп прыглядаецца да Цярэшкі, Цярэшка да яго. У абодвых вялікая смага — вывучаць адзін аднаго. Абодвы намацваюць адзін аднаго асьцярожна, цярпліва. Нібы адбываецца ў іх газартная ігра, дзе кожны стараецца астацца з выйгранкай.
— Курганішча для поэта добры Парнас, — кажа трохі выпіўшы айцец Дзімітры. — Тут можна вывучаць заход і ўсход сонца, рух, формы і колеры воблакаў, шапаценьне лісьцеў на дрэвах, сьпевы птушак над рэчкай, сум курганаў. Тут можна назіраць за фазамі месяца. Тут можна назіраць…
Айцец Дзімітры не гаворыць, а сьпявае. Вочкі яго бліскаюць і пільна глядзяць на Цярэшку, ня вочкі, а царкоўныя лямпадкі.
Цярэшка гаворыць яму ў тон:
— Курганішча для духоўніка — сьвяты Назарэт. Тут можна славіць бога-госпада на ўсход і заход сонца. Тут сярод воблакаў можна чуць ўзьлёт анельскіх крыльляў. Можна зьбіраць ў адно стада божых авечак і стрыгчы сьвятое воўна. Тут можна…
— Годзе… — просіць айцец Дзімітры. Ну і мсьцівы вы поэт!
— А вы і ня поп і ня хлоп. Хто вы такі?
Айцец Дзімітры не зьвяртае ўвагі на яго запытаньне і кажа:
— Поэт і духоўнік маюць адно прызначэньне ад бога — вучыць народ. Мы з вамі кроўныя браты. Поэзія і эвангельле родныя сёстры. Дайце вып‘ем за крэўнасьць нашых дзеяньняў і помыслаў!