Цярэшка ўжо больш году зьяўляецца падпольным „міністрам асьветы“. Міністэрскі портфэль накладваў на яго пэўныя абавязкі ўжо цяпер. Для самога сябе яму патрэбна была трэніроўка, сваяасаблівая трэніроўка думак, розуму, псыхолёгіі а дным напрамку:
„Я міністар асьветы. Трэба дзейнічаць. Трэба ўмець так дзейнічаць, каб работы было зроблена шмат, але каб яе не заўважылі. Яна павінна быць сакрэтнай, але, каб яе бачылі тыя, каму трэба бачыць. Тут ёсьць шмат супроцьлегласьцяй, якія павінны перакрыжоўваца між сабою ў строгім адзінстве мэты“.
Цярэшка меркаваў сабе штат, падбіраў у памяці людзей паводле пэўнага ідэолёгічнага напрамку — падбіраў „шчырых беларусаў“.
Гэтыя людзі самі ня ведалі, што зьяўляюцца будучымі саноўнікамі ў яго міністэрстве. Гэтыя людзі самі ня ведалі, што будучына іх такая бліскучая і ганорная. Сяброўствам, трапнай крытыкай усяго вакольнага падпольны „міністар асьветы“ стараўся ачысьціць сваіх будучых падначальных ад бальшавіцкіх уплываў. Нібы кволыя расьліны зімою, ён іх ахоўваў у сваім дзівосным духоўным парніку. Ён часта прыглядаўся да школ, гутарыў з настаўнікам глядзеў на іх, як на той ацьвярдзелы воск, які потым будзе разьмякчаны ў яго руках і прыме патрэбныя для дзяржавы формы… Ён пакруціць у адваротны бок тое новае калясо, якое было зроблена калясьніком увосені тысяча дзевяцьсот семнаццатага году. А калі сустрэне ў гэтым перашкоды, тады расставіць па ўсёй Беларусі моральныя шыбеніцы. А калі і моральныя шыбеніцы не памогуць, тады дапаможа герой Мазыршчыны — Булак-Булаховіч. Пілсуцкі за ўсе гады кіраўніцтва новай Польшчай падрыхтаваў для гэтага нямала практычных мэтодаў… А будучая Беларуская дзяржава будзе знаходзіцца пад протэктаратам Польшчы.
Розныя пляны раіліся ў галаве Цярэшкі, перашкаджалі адны адным, дапаўнялі адны адных і напаўнялі самога „міністра асьветы“ нябывалым зьместам і нябывалымі настроямі.
І часта ў яго знаёмыя пыталіся:
— Што вы такі задумёны, таварыш Цярэшка? На вуліцы не пазнаяцё нас.
— Пішу новы твор.
— А-а-а. Усе паэты з аднаго палатна выкраены.
Цярэшка не пакоіўся, што пачалі заўважаць у ім зьмену.
…Я, здаецца, так асьцерагаюся…
Ня лёгка займаць такую вялікую дзяржаўную пасаду, ды каб ніхто аб гэтым ня ведаў, ды каб самому гэтым хавацца…
…Каб ужо хутчэй…
Каб хутчэй можна было ўсенародна сказаць:
— Я міністар асьветы!