З вуснаў лезуць, ірвуцца гранатамі нязвычайныя ў штодзённым жыцьці комуны словы.
Шаневіч не прыслухоўваецца, але злосныя словы, крыкі абурэньня і гневу самі лезуць ў яго вушы вострымі і доўгімі ганталямі. Ён многіх пераганяе, а здаецца ідзе так павольна. Некаторыя ўступаюць яму дарогу.
Лагодна просіць:
— Супакоцйеся, таварышы… Не хвалявацца і ня тупацца бяз толку…
Устрывожаны вулей гудзе:
— Чулі?
— А-я-яй, што-ж гэта будзе?
Пракляцьце на іх, на гэтых бандытаў!
— Да чаго, зьвяр‘ё, дадумаліся!
— Жывёл нявінных труціць, га?
Шаневіч пазнае голас Драчыхі.
— Супакойцеся….
— Ну і адплоцім кулаччу! Мы з імі расквітаемся! Люблю праўду! Так цягнуцца далей ня можа! Гэта-ж няма як жыць!
Хрыплы крык у Драчыка.
Яму ў адказ старэчы галасок, плаксівы, дрыжучы:
— Ну вас усіх! Пайду з комуны, жабраваць пайду, а тут жыць ня буду. Гэта-ж адно страхоцьце.
— Ня пудлуй, дурань стары!
Высокая труба крухмальні лезе ў неба чорным пальцам. Вось-вось саскрабе з сіняга абруса агнёвых „божых каровак“. Заглушана галасамі людзей сквіргатаньне стрыгунчыкаў. Чорным масывам ценяў глядзіць сад, прыслухоўваецца.
Расьце гул людзей. У гуле — злосьць і нянавісьць да ворагаў. Страшная гэта нянавісьць грамады.
Адна жанчына ўсхліпвае.
— Жыць тут тое самае, што на позыцыі… Пямятаю, як была бежанкай, то…
— Супакойся, бабка. Праўду ты кажаш, жывем на позыцыі. Вораг нам пакасьці рабіць, але наша возьме!
Шаневіч уваходзіць ў канюшню.
— Хто гэта зрабіў? Хто?
У Драчыка не чалавечы голас, а дзікі крык. Ён абводзіць усіх такімі страшнымі вачыма, аж некаторыя адварочваюцца ад яго.
— Супакойся, Драчык, даведаемся.
Цяпер трэба прабаваць коняй ратаваць, — зьвярнуўся да яго Шаневіч.
Людзі цягнуць вёдры з задою, даюць коням піць і ня ведаюць, што рабіць пры гэткіх выпадках.
…Вось табе і наша бібліотэка. Няма ў нас добрых кніжак па вэтэрынарыі. Сам вінават, што не паклапаціўся ў пару, — думае Шаневіч і выцірае рукою сухі лоб. Зьвярнуўся да Драчыка.