— Што рабіць? ну, ш-ш-што?
Грудны голас з самага нутра.
Ярка сьвеціць электрычная лямпачка. Побач на сьцяне, абвешанай лёзунгамі, дыяграмамі, плякатамі і портрэтамі, цень чалавека. Каб акрэсьліць вуглем, выйдзе чоткі профіль з завостраным носам і характарнай напружанай лініяй барады, і кожны пазнае ў гэтым профілі старшыню комуны „Чырвоны Кастрычнік’“ — таварыша Шаневіча.
Адчуваецца, што ў клюбе адбылася толькі што вялікая сумяціца: крэслы парассованы, адно ляжыць бокам, ножкі яго выцягнуты ў бок, нібы ў аглушанай ад спалоху жывёлы. Дзьверы адчыненыя. Толькі што тут быў цэлы гурт людзей, толькі што сьцены ўсмактвалі ў сябе іхнія рознастайныя галасы, толькі што па падлозе чуваць быў стукат сотні ног, толькі што…
Цярпліва маўчыць у чаканьні таварыш Шаневіч.
— Паснулі яны ўсе, ч-ч-орт іх падзяры!
Голас роспачы стрымліваецца, бо калі ня будзеш стрымлівацца, дык… Але Шаневіч заўсёды такі — спакойны тады, калі іншыя хвалююцца і рвуць на сабе валасы.
Глядзіць на гадзіньнік.
— Без пятнаццаці хвілін дванаццаць. Ня дзіва, што ў установах раёну нікога няма.
Зноў звоніць.
На гэты раз:
— Міліцыя! Адкуль?
— З комуны „Чырвоны Кастрычнік“.
— Слухаю.
— Няшчасьце ў нас. Коняй атруцілі. Зараз-жа сюды вэтэрынара і міліцыю!
Летняя, цёплая ноч са сквіргатаньнем стрыгунчыкаў кудысьці адплыла адгэтуль на вялізным караблі. Ніхто яе не заўважае.
Трывога расьце веерам — вузкім у клюбе, дзе Шаневіч званіў у раён, шырэйшым на дзяцінцы і самым шырокім у канюшні, дзе мучаюцца ў сударгах атручаныя коні.
З дзядзінца гул галасоў урываецца праз вокны ў клюб, захлёствае вялізны пакой трывожным прылівам.
Шаневіч трэ рукамі сухі лоб і выходзіць на двор. Усё гэта напамінае Шаневічу той час, калі колькі год таму назад было падпалена комунарскае гумно.
У цёмна-сінім бяздоньні неба падміргваюць адны адным прамяністыя кропкі зорак. Нібы аганькі караблёў у моры.
…І тады, пры падпале гумна, была такая-ж ноч.
Людзі не прыкмячалі яе тады, як і цяперашняю ноч. Трывожны гул перакідваецца па дзядзінцы з месца на месца. Рыпаюць дзьверы. Тупаюць ногі. Бягом мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці.
Трывога.