Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/237

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вы-ж абяцаліся ўсё сягоньня закончыць?

Мэталёва-басовыя пералівы пераходзяць ў альтавы выкрыкі.

Даўгаваты нос айца з чулымі ноздрамі ў кроплях поту, як у расе.

— Заўтра, бацюшка, заўтра, — шапоча старшыня і так глядзіць на папа, нібы просіць, каб той выцягнуў яго з глыбокага віру.

Айцец разумее. Не сказаўшы больш ні слова, выходзіць з сельсавету.

Мікола ўсьміхаецца. Зноў чуе ранейшы суфлёрскі шэпт:

— Поп у нас у пашане. Ён і гэтых маладых патайком павянчаў ужо.

— Яшчэ ня тое ўгледзіць у нас таварыш з Менску.

Гаварылі тыя самыя два ў расхрыстаных кашулях.

— Дайце працаваць! — грымнулі іншыя галасы.

Пад стольлю плойма мух. Сяляне падыходзяць па розных справах. Старшыня ветлівы, лагодны. Міколе падсоўвае „Правду“, нібы дзіцяці пернік.

— Пакуль што, так сказаць, чытайце…

Мікола бярэ газэту і прыслухоўваецца да сялянскіх спраў, каб у іх улавіць тое, чаго тут шукае, — здаровых думак і ўчынаў беднаты. Усё ідзе гладка, лёгка, як воз па добрай грэблі. Мікола разумее: „падрыхтавана раней для мяне. Толькі айцец сапсуў музыку“…

Старшыня часта скосу пазірае на Міколу за газэтную заслону.

Кульгаючы, уваходзіць Антось Драчык.

— Люблю шчырасьць, таварыш Мікола! — крыкнуў ён свой стары лёзунг. — Можаце мяне лаяць! Кінуў працу ў комуне і прыбег сюды! Я так і ведаў, што вы тут будзеце сягоньня. Люблю праўду. Матэрыялу для вас — во-о-о!

Драчык разгарнуў рукі на ўсю шырыню, каб паказаць колькі будзе для газэты матэрыялу.

У старшыні прыкметна дрыжаць пальцы. Сакратар нэрвова ўткнуўся пяром у карткі, нібы хоча іх пракалоць, як шылам.


Усю ноч перад гэтым сельсаветчыкі ня спалі. Даведаліся, што „нехта“ з Менску прыехаў, „нейкі партыец Ярэмчык“. Паслалі сваіх на разьведку: гэты „нехта“ вельмі цікавіцца ўсім, што тут робіцца, запісвае ў кніжку, а потым…

Галоўныя справы сельсавету перавандравалі на хутарок — да старшыні.

Шырачэзная дуга вясёлкі ахапіла тады паўнеба. З вышыні нізіўся лагодны дожджык. Было перад заходам сонца. Кроплі падалі яркія і буйныя, хоць ты іх лічы наляту. Дожджык быў цёплы. Куры спакойна спацыравалі па дварэ, і кроплі расплываліся на іхніх пер‘ях цемнаватымі плямінкамі. Але цяжка было