Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Крушынскі глытнуў маленечкага рака. Улетку часта піў з рэчкі. Рак вырас у вантробах чалавека і грызе яго нутро. Менскія дактары яму гаварылі, што памрэ. Каму па каму, а Крушынскаму два камы!

Паводле Сухарукага:

— Гэты самы рак не ад вады, а нейкая жывая штучка мазгі грызе ў чалавека. Глядзі, Крушынскі багаты чалавек, а ўсё роўна яму каюк. Што-ж, альбо рыбка, альбо піпка!

Дзівіліся суседзі:

— Чаму гэта Сымон Чарнюк, родны бацька яго ня лечыць?

Паўзьлі чуткі па вёсках, па хутарох, ад чалавека да чалавека:

— Крушынскі памірае…

У гэты час лавілі людзей з контрабандай на граніцы, высылалі іх кудысьці далёка на поўнач. Сьціхла на мяжы. Хто з людзей дапамагаў вазіць і пераносіць замежны тавар, хаваўся па шчылінах і, дрыжучы, чакаў, пакуль сьціхне бура.

Крушынскі ляжаў у бакавым пакоі побач з „салёнам“. Адзінае вакно ўваходзіла ў сад. Яно здавалася хвораму вокам вялікага сьвету. Ён праз шыбы назіраў за тым, як надыходзіла восень, як яна шалясьцела па дрэвах, шуршала сьцьвярдзелым, як бляха, лісьцем. Сад пажаўцеў. Разам з хмарамі колеру волава, якія віселі цяжкімі футрамі над зямлёй, завандравалі вятры. Яны скублі, нібы пер‘е з курэй, лісьцё з адранцьвянелых дрэў, гудзелі, сьвісталі за вакном, сьцёбалі вецьцем у сьцяну і клікалі хворага:

— Ідзі да нас. Мы цябе памчым на граніцу. Ночы цяпер вільготныя і цёмныя. Ідзі да нас…

]Крушынскі стагнаў.

Настачка і Мзей, малыя дзеці хворага, шушукаліся ў „салёне“.

— Татка хворы…

Галасы трывожныя. Вочы спалоханыя.

Жонка Крушынскага больш чым раней цяпер занята гаспадаркаю. Часта падыходзіць да мужа, раіцца аб тым ды аб сім.

У шапатлівым голасе жонкі захаваная радасьць.

— Можа, адправім цяпер Стэфку? Трэба-ж вельмі яе асьцерагацца…

— Ня можна цяпер. Яшчэ нам шкоды наробіць. Няхай бавіцца ў салёне з дзяцьмі.

Калі дзеці пробвалі сьпяваць, граць на старым папсутым фортап’яне альбо скакаць, цёця Стэфка гаварыла трывожным голасам.

— Татка хворы…

Але хворы прасіў:

— Не зьвяртайце ўвагі на мяне. Мне весялей, калі шум у хаце. Тады забываюся аб хваробе.

Дзівілася Стэфка такому хвораму.

Як стада авец праз вузкія вароты, чаргаваліся адны за аднымі суткі. Марудна соўваліся дні стомленымі вандроўнікамі, апрану-