Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/227

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цярэшка зразумеў абурэньне былога „маршалка“. Па-першае, „маршалак“ хацеў быць падобным пакуль што хоць зграбным лексыконам, да маршалка Пілсуцкага. Па-другое, ён насіўся сваім маршалкаўскім падпольным гонарам гэтулькі год, а раптам — на табе! Маршалкам будзе Лапоўскі, а ня ён! Было з чаго быць абураным. Было дзеля чаго сказаць тое, што ён сказаў. Цярэшка добра яго зраумеў.

Былы „маршалак“ больш нічога ні сказаў. А што больш скажаш пасьля такога ядранага слова? Пасьля такога слова ўжо не казаць, а рабіць трэба.

У гэтую ўрачыстую хвіліну дзядзька Саколіч пару разоў „хі-і-ікнуў“. Былы „прэм’ер“ зьняў пылінку з белай манкеты. Чалавек бяз знакаў прыпынку — новы „маршалак“ — скромна ўтаропіў вочы ў вакно, нібы нічога ня чуе, нічога ня бачыць і быццам нічым ня пахне. Цярэшка лавіў вачыма гэсты і позы кожнага з „вялікіх“ людзей. Ён хацеў усё гэта ўвекавечыць некалі ў літаратуры. Чалавек з вачыма сфінкса сваімі картавымі развагамі затуліў урачыстую маўклівасьць хвіліны:

Гэты проект трэба будзе добра абмазгаваць і паслаць на Украіну Яфрэмаву. Цікава, што ён на гэта скажа. А тады нам трэба будзе…


…У сакратара ком‘ячэйкі Інстытуту вечны флюс. Заўсёды ходзіць з чорнай павязкай на твары. Ня выкраіць сабе вольнага часу на лячэньне зубоў. У яго блакітныя вочы і хрыплаваты голас. Ён былы Матрос. Удзельнік грамадзянскай вайны. Яго блакітныя вочы кожны раз пранізваюць Цярэшку наскрозь. Цярэшку здаецца, што той ведае ўсё яго паднаготнае. Няпрыемна сустракацца з матроскімі вачыма. Няпрыемна чуць матроскі голас.

…Гэта адзін з тых малойцаў, якія ў свой час здорава дзейнічалі… — думае Цярэшка.

…Можа гэты сакратар ячэйкі ўвесь час назірае за намі і дае ацэнку некаторым нашым дробным учынкам у штодзённай працы ўстановы і выводзіць з гэтых дробязяй свае сур‘ёзныя падазронасьці? — думае Цярэшка.

…Ці ня ён гэта ў кожным нумары нашай насьценгазэты гладзіць супроць шэрсьці? Так гладзіць, ажна іскры з вачэй сыпюцца… — думае Цярэшка.

…Часта ў выглядзе анэкдотаў нашым кідаюць жарцікі: „маршалка“ называюць „маршалкам“, „міністраў“ — „міністрамі“ і наогул кожнага паводле свайго старога чына і годнасьці. Называюць, а „Васька слухае ды есьць“, але ў сакратара ячэйкі з матроскім чуцьцём могуць зьявіцца пэўныя меркаваньні… — думае Цярэшка.

І вось яму няпрыемна сустракацца з сьветла-шэрымі вачыма былога матроса. І штодня сустракаецца…

І вось у адным з калідораў ля кніжнай вітрыны, калі Цярэшка ўглыбіўся ў вокладку новай кніжкі, нехта на яго плячо мякка руку падлажыў. Ён уздрыгануўся.

— Які вы нэрвовы, таварыш Цярэшка. Прабачайце. Хрыпаваты голас былога матраса.

— Вы, таварыш Цярэшка, павінны сягоньня ў клюбе харчавікоў чытаць даклад пра… (голас былога матроса сардэчны і даверлівы, блакітныя вочы зусім непраніклівыя…). Дык пойдзеце?