Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/215

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пастаўленая праца ня кажуць усёй беднаце і серадняцтву: „жывеце так, як мы?“ Ты, Драчык, лішне строга гаворыш.

— А спэктаклі для сялян? А лекцыі? — крыкнуў нехта з грамады.

— Гэта ўсё капеечкі, а не рублі! Люблю шчырасьць! Мы закапаліся ў сваіх акопах і сядзім тут.

Шаневіч сеў побач з Драчыкам, палажыў яму руку на плячо і, ледзь усьміхаючыся, сказаў:

— А гэта-ж, міленькі мой, капеечкі, што сам у комуне вырас за чатыры гады? Успомні толькі; тут партыйцам стаў, чытаеш газэты дзень-у-дзень, кнігі розныя, Леніна. Малую школу ты тут праходзіш? Чаму толькі цяпер загаварыў аб тым, што праца ў ваколіцы ў нас кепска пастаўлена? Дзе ты, разумнік, раней быў? Зусім магчыма, каб сярод нас былі не адны сяляне, а хоць адзін-два рабочых з фабрыкі, дык раней загаварылі-б аб тым, што сягоньня ў газэце напісаў. Цяжка, братку мой, было нам гэтым займацца, калі наша комуна тут выспачкай ў моры стаіць, а вакол плодзіліся, як ты сам ведаеш, новыя хутары, пасёлачкі, дзе гадаваліся заможнікі. Усё будзе, толькі гарачыцца, таварыш Драчык, ня трэба.

У гэту хвіліну з шумам адчыніліся дзьверы.

З разьзяўленым ротам і выпучанымі вачыма стаў на пароче чалавек. Увесь ён дрыжэў. Твар яго быў белы, як палатно. Гэта быў стары Язэп, які пасьля таго, як апавядаў гісторыю комуны, вышаў на двор.

Усе на яго зірнулі з трывогаю, да таго ён зьмяніўся за некалькі хвілін.

— Што здарылася?

— Што?

— Гавары!

Яму паветра не хапіла. Ён душыўся словамі:

— Ко-ко-ні падушыліся.

— Га?

— Дзе?

Усе падскочылі да дзьвярэй, спалоханыя, напружаныя.

У адну хвіліну клюб апусьцеў.

Па дзядзінцу ў бок канюшні бягом пусьціліся комунары.