Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/207

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Па жоўтай дарожцы ў садзе Драчыха заўважыла некалькі сучкоў, чысьценька падабрала і палажыла каля старой яблыні.

Ішла ў клюб. Гукі „Грыбнага вальсу“ ледзь чуваць былі. Затое гул галасоў плыў на вялікі дзядзінец з адчыненых вакон разам з палосамі сьвятла.

У тлуме ніхто не заўважыў, як Драчыха ўвайшла ў клюб.

…Чамусьці сягоньня людзі ажыўлены больш, чымся звычайна.

Камунары спрачаюцца, махаюць рукамі.

З урыўкаў гутаркі Драчыха толькі адно ўлавіла:

— Драчык правільна напісаў.

— Драчык перахапіў мерку.

— Ён нахлусіў.

— Ён праўду сказаў.

— Не, не.

На розныя лады людзі мяркуюць пра яе мужа.

— Што тут такое здарылася? — устрывожылася Драчыха.

Яе муж сядзіць тут-жа на канапе і маўчыць. Вочы ў яго такія строгія, што лепш да яго цяпер не падхадзі. Ён пускае ў гару над сваёй галавою махорачны дым і здаровым вухам зацікаўлена прыслухоўваецца да гутарак.

Сьвятло ў клюбе няроўнае. Па сьценах мітусяцца людзкія цені. Плывуць празрыстыя цені па розных портрэтах і плякатах. Затуляе цені куток бязбожнікаў. Эгіпэцкія, кітайскія і хрысьціанскія богі на хвіліну выступаюць у сьвятле, а вось іх зноў пакрыў цень. Строгія багі злуюцца. Мітусеньне сьветаценяў робіць іхнія вочы жывымі, мігатлівымі.

На сьцяне над піянінай цэлы шэраг малюнкаў з каньмі.

Коні, рознага выгляду і масьці, красуюцца на плякатах. Пад кожным плякатам розныя парады пра гадоўлю каня, пра выбары каня, лячэньне.

Цікавяцца ў комуне гадоўляй коняй. Комунарскія коні славяцца на ўвесь раён.

Каля аднае сьцяны ціснуцца людзі.

— Чытаць нельга, адступецеся! — крычыць Калістра. — Не шкляныя вы. Нічога ня відаць!

Людзі адступаюцца і зноў падыходзяць.

На сьцяне сьвежы нумар газэты „Камунар“. Газэта напісана ад рукі буйнымі роўнымі літарамі. Дзе-ні-дзе, паміж слупкамі тэксту, красуюцца карыкатуры. Набела ўсю газэту перапісала настаўніца, якая ледзь чутна наігрывае цяпер ня піяніне „Грыбны вальс“. Здаецца, шго коням грае. Яны нібы прыслухоўваюцца з малюнкаў — нярухомыя, у розных позах.

Настаўніца ціха перабірае пальцамі клавішы і адным вухам ловіць людзкую гутарку.