Ад такіх вечных клопатаў Драчыха састарэлася раней часу. Твар яе абсыпаўся змаршчынамі. Нібы драцяным грэбнем падрапалі. Яе сінія вочы заўсёды ліхаманкава блішчэлі.
Цяпер старэйшыя дзеці вучацца ў школе. Меншыя жывуць асобна з усімі комунарскімі дзецьмі, таксама пад наглядам настаўніцы.
Прашлі чатыры гады.
Сягоньня Драчыха працавала на сенакосе разам з вялікаю грамадою. Было весела. Людзі перакідваліся жартамі.
Удзень пякло сонца. Ні маленькага ветра ня было. Неба без аднэй хмарынкі, празрыстае, як сіняе шкло, сіняватае з ледзь прыкметным ружовым адлівам. Паветра было гарачае. Гулі розныя мухі, авадні. Скошаная трава хутка высыхала, як на гарачых цэглінах. Сонца сьляпіла вочы. Драчыха насунула белую хустку на лоб і працавала граблямі.
Чамусьці вельмі стараўся Троська. Заўсёды лянівы, ён зухаваўся сягоньня як ніколі. Часта бегалі іншыя комунары да ручая, чырвоныя ад сонца, млявыя, каб напіцца вады, альбо памыцца, а ён ні разу не адрываўся ад працы. Ён быў праз меру вясёлы. Ніколі, як сягоньня, так не жартаваў.
— Троську камар укусіў, — сьмяяліся навакол.
Ён укладаў сена на вазох. Яму падаваў Калістра. Не пасьпее Калістра падаць на воз, а ён хутка ўкладваў і ўсё крычаў:
— Падавай! Падавай!
На! Няхай цябе чэрці возьмуць — хрыплаватым голасам гаварыў Калістра.
Даеш!
Пры гэтым чырвоная кашуля Троські мітусілася на возе і выглядала здалёку, як сьцяг.
— І як ты спраўляешся так хутка? — дзівіўся Калістра, які ўвесь быў распараны. З яго пот цуркам ліўся.
А Троська — бледны і сухі. Ён не пацеў. Толькі вочы ў яго ня так, як заўсёды, гарэлі.
— Хутчэй! Ня сьпі, Калістра! А то коняй авадні кусаюць. Бачыш, як „Маруся“ хвастом аваднёў зганяе? Хутчэй!
— Што на цябе надышло? — злуецца Калістра. — Раптам коняй шкадаваць пачаў!
Сена абляпіла яго ўспацелы твар. Ён вохкаць пачаў. Накладаць адзін воз, а Троська падганяе:
— Не варонь, Калістра.
Не агледзецца — і другі воз парабнём прыціскаюць, увязваюць.
А вось і трэці воз гатоў.
Злоснымі вачыма Калістра пачынае глядзець на Троську, глядзіць, як на ворага. А той — хоць бы што, шмаргане носам, падцягне вузкія шэрыя штаны і зноў тое самае:
— Даеш!