Драчыха крычала на іх:
— Не сядзеце тварам супроць ветру!
Дзеці ня слухаліся.
— Комунары прывезьлі ім пшанічнага белага хлеба.
Дзеці елі па дарозе з такой прагнасьцю і смакам, нібы перад гэтым галадалі некалькі дзён. Рэдка, можа раз на год, прыходзілася ім пробваць пшанічнага хлеба… Яны гаварылі адно-аднаму з дзівам і радасьцю:
— Ага! Белы хлеб…
— І ў мяне!
— І ў мяне.
Блішчэлі вочы і зубы ў дзяцей. Кавалкі белага хлеба яны трымалі абедзьвюма рукамі. Канчалі есьць і прасілі:
— Яшчэ!
— І мне…
— І мне…
Сьвятам, сонечнай радасьцю была для дзяцей гэта дарога.
Драчыха расчулілася і праз сьлёзы ўсьміхалася:
— Ціха вы… Як галодныя шчаняты ўсё роўна. Дзядзькі падумаюць, што я вам ніколі есьці не давала!
Хмызьнячкі і маладыя бярозкі, якія дзе-ні-дзе стаялі абапал дарогі, гнуліся ад ветру ў бок Драчыхі, кланяліся ёй насустрэч, як ветлыя падарожнікі.
Аж тры разы давалі ў дарозе дзецям белага хлеба.
— Вы-ж не з галоднай губэрні едзеце, — саромліва гаварыла Драчыха.
А тое, што ў хаце ў Гайдачанах дзеці ледзь ня кожныя паўгадзіны падыходзілі да яе з крыкам: „мама есьць“, ёй на возе чамусьці здавалася даўнай мінуўшчынай. Яны тармасілі яе за спадніцу, мітусіліся вечна каля яе з крыкам: „мамка, давай есьці!“ „Ненасытныя вы!“ крычала Драчыха на іх. „Саранча галодная. Не набяруся на вас!“ Часам моцна на іх злавалася, праклінала іх, сябе і ўсё жыцьцё. А яны вечна сварыліся між сабой і зноў да яе падыходзілі са скаргамі:
— Мамка, Юзік мяне ўшчыпнуў!
— Мамка, Хомка мне нагу падставіў, і я павалілася!
Драчыха мірыла дзяцей рознымі спосабамі; ірване аднаго за вуха, другога за валасы, на трэцяга крыкне, чацьвертага ўшчыпне… Плач і лямант напаўняў хату. А Драчыха ўваходзіла ў злосьць. Вочы яе рабіліся дзікімі ад роспачы і болю, шкадавала і дзяцей і сябе, крычала на ўсю хату:
— Старэю ад вас без пары…
Такое камандваньне маленькай шасьцігаловай арміяй было яе пастаянным абавязкам пры рознай рабоце ў хаце, па дварэ ці на полі, бо і на поле брала дзяцей з сабою: небясьпечна было пакідаць іх у хаце, каб не пакалечылі адны адных, або, каб, чаго добрага, па неасьцярожнасьці хаты не падпалілі…