Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пархамчук спыніўся. Хацеў знямець, акамянець, каб нават сэрца ня тухала але само сабою вырвалася:

— Хто ідзе?

І свайго ўласнага голасу не пазнаў.

— Цішэй. Гэта я…

Па сьветлай паласе ад лямпы ідзе да яго назад Троська. Ён усьміхаецца. Блішчаць яго вострыя зубы.

— Чаго вярнуўся?

— Ціха… — У шэптах Троські страх. — Там людзі… Са стрэльбамі… Драчык і Калістра…

Пархамчук затросься.

— Сюды ідуць?

— Можа ня сюды… Ведаеш, маю да цябе сампатыю. Ты ня думай, што я вораг савецкай ўлады і камуны. Я хацеў выпрабаваць, што ты за птушка. Вось Калістра і Драчык будуць сьведкамі, які фокус ты хацеў праз мяне выкінуць у камуне. Я ім тваю пудэлачку паказаў. Яны заўтра на курыцы папрабуюць.

Пархамчук ледзь схапіўся за сьцяну, каб ня ўпасьці. Ён адчуў, што ўжо ён не Макар Пархамчук, а куча разьлезлага мяса.

— Эх, ты… — прастагнаў ён. — Жулік…

— Ты Макар, ня лайся. Думаеш, я ня ўмею? Мой язык таксама геблявавы. Толькі сампатыю да цябе маю. Вось і папаўся ты, саколік рыжанькі! Ты мабыць думаў, што я здраджу камуне? Не, брат, ня купіш мяне за доляры!

— Пархамчук увесь пакрыўся халодным потам. Да сьпіны прыліпла кашуля. Дрыжаць рукі і ногі. Хоча ён нешта сказаць, а язык не варочаецца.

Глядзіць Троська на яго і любуецца.

— Вось і папалася птушачка! — кажа ён з пачуваньнем. — Можа вады табе падаць? Што? Млосна стала?

— Ба-ла-хо-вец… Бандыт… — вырваліся ў Пархамчука хрыплыя словы. Ня словы, а шматочкі слоў. Нібы іх нехта абцугамі з яго горла вырываў

Засьмяяўся Троська злым сьмехам.

— Гэта я табе наўмысьля сказаў, што я балаховец, а ты дурань паверыў. Зараз крыкну да Калістры і Драчыка…

— Маўчы, братка… — Застагнаў Пархамчук. — Што хочаш са мною рабі, толькі нікому не кажы…

Вось гэта мне падабаецца. Тон у цябе вельмі шчыры… Проста і па-чалавечаму ты загаварыў. Ты — скрыпачка, а я — смычок… Ведаеш, груган гругану вочы ня клюе, сказаў ты мне нядаўна. Гэта сьвятая праўда. Маю да цябе сампатыю, дасі яшчэ пяцьдзесят долярау, тады ўсё добра будзе…

— Дорага мне каштуе прароцтва бацюшкі, — падумаў Пархамчук і злосна плюнуў.