— Гэта ўжо новая стацьця… — Ён задумёна пачаў гладзіць бараду.
Як сабе хочаш. Я застануся пры стаці, а ты пры долярах.
Устрапянуўся рыжы Пархамчук. Вочы яго пацямнелі. Ён хрыплым голасам прагаварыў:
— Навошта цягнеш у мяне жылы? Калі захачу, дык астанешся, пры такой стаці, ад якой ўсе тыя, хто з Балаховічам арудавалі, даставалі пашпарт на той сьвет…
Троська падскочыў на месцы, нібы наступіў на вострае шкло босымі нагамі.
— Ведаеш, д‘ябл рыжы, з гэтым жартаваць не дазволю! У адзін момант адкручу табе рогі разам з галавою.
Пархамчук адсунуўся. Паводле твару Троські, які ў адну хвіліну зрабіўся страшэнным, ён пабачыў, што лепш з ім не жартаваць, і ён прымірэнча сказаў:
— Супакойся. Груган гругану вочы ня клюе.
Яны сышліся.
Пархамчук згадзіўся даць Троську пяцьдзесят даляраў.
Вышаў у сенцы. Нейдзе доўга капаўся, пакуль дастаў грошы. У дадатак прынёс маленькую аптэчную бутэлечку.
Троська ледзь пачуў яго шэпт, які, здавалася, плыў з рыжай барады. Нібы не Пархамчук гаварыў, а нехта іншы:
— Гэта такая штучка, што як адну макавінку з пудэлачку на язык паложаш і — капут… Харошая штучка! Гэтым можна цэлае стада атруціць. Ідзі! Шчасьліва! Глядзі! каб сам не… — Пархамчук строга пальцам кіўнуў. — Асьцярагайся…
Цёмная дажджлівая ноч.
Неба — чорны атрамант. На дварэ хутараніна шушукаюцца рабіны.
Стаіць гаспадар на ганку і прыслухоўваецца…
— Ведаем… ведаем… — шапочуць рабіны.
— Ведаем… ведаем… — кажуць дажджавыя кроплі і падаюць з даху тонкімі ніткамі.
— Ведаем… ведаем, — падміргвае ночная цемень.
Троська пашоў.
Пархамчук быў і рад і ня рад:
— А можа яшчэ варта было пачакаць з „гэтым“? Ці правільна я зразумеў словы бацюшкі пра божыя кары?
Хлюпае дождж, барабаніць па даху, хвіліны лічыць; раз-два-тры… раз-два-тры… — цёмныя хвіліны ночы.
Страх напаў на Пархамчука.
Праз вакно сьвеціць невялікая лямпа, кідае ў цемры ночы яркія плямы. Серабром адліваюць бурбалкі ў лужынах.
— І навошта лямпа гарыць?
Узяўся за клямку, каб у хату ісьці і патушыць ляпму, ажно чуе — нехта месіць гразь каля брамы. Квохчуць у гразі з нейкім прыкрым прыцмокам чалавечыя крокі.