Частым гасьцём Троська ў Пархамчука. Як толькі можна вырвацца, — ён на хутары.
— Глядзі толькі, ніхто ня нюхае тваіх слядоў?
— Ніхто.
— Умееш трымаць язык за зубамі?
— Э-гэ-гэ-э… Я табе не абы хто! Вочы яго зайгралі заліхвацкімі агоньчыкамі. У Балаховіча арудаваў, а па сягоньняшні дзень ніхто аб гэтым ня ведае!
Пархамчук ляпае яго шырокай лапай па сьпіне. Ківае галавою з такой мінай, нібы нешта дарагое раптам згубіў.
— Вось і ўмееш трымаць язык за зубамі! Эх, ты! Яшчэ хваліцца!
— А што?
Навошта мне пра Балаховіча кажаш? Ведаеш, зтакімі сакрэтамі не перакідваюцца, як дзеці каменчыкамі. Эх! ты!
— Мы з табою „свае“, — апраўдваецца Троська.
Мала што… А вось вазьму ды раскажу куды трэба… Ты цяпер у маіх руках, як рыба выцягнутая з вады.
— Чорт нас зьвязаў. Не баюся цябе, рыжага. Сампатыя ў мяне да цябе.
Аднак Троська пашкадаваў зараз-жа, што нейк ненарокам высьлізнула з яго губ, нібы сьліва, неасьцярожнае слова. Гэтулькі гадоў нікому не гаварыў, а вось выскачыла.
— „Рыжы чорт“, — падумаў ён.
Нават жонка, якая адраклася яго цяпер, аб гэтым ня ведае. Міжволі мільгнулі перад яго вачыма пажарышчы, крыкі ахвяр, мітусьня на вуліцах яўрэйскага мястэчка.
Страх прабраў Троську. Але ён віду не паказваў перад Пархамчуком, што баіцца.
— Калі ўжо справа будзе зроблена? — зьвярнуўся да яго Пархамчук тонам гаспадара да парабка.
— Калі рак сьвісьне.
— Ты, Троська, не таго. Я сур‘ёзна гавару.
Троська злуецца.
Ён цяпер у лапах гэтага „рыжага чорта“.
Навошта сказаў „рыжаму“?
Ён зірнуў у вакно.
Была цёмная, дажджлівая ноч. Ад сьвятла невялічкай лямпы вакно сьвяціла, як люстэрка. Ён на шыбінах угледзеў, нібы ў тумане свой уласны твар і рыжую бараду Пархамчука. З яго памяці пры гэтым затушаваліся успаміны часоў Балаховіча. Троська адвярнуўса ад вакна. Сьмяецца. Блішчаць яго белыя вострыя зубы.
— Дасі соценку, зраблю! — зказаў ён рашуча. — Ведаеш, мне прыдзецца даць лататы далёка-далёка. — Ён рукою зрабіў дугу ў паветры. — У Польшчу махну.
— Дам, каб цябе ліха ўзяло!
— Толькі долярамі…
Пархамчук нездаволена махнуў рукой і пакруціў галавою.