вісны чалавек гэты самы Драчык. Усё аба мне ўгледзіць, усё выкапае. Заб‘ю яго! Дальбог, заб‘ю!
— А ты яго капай! — усьміхаецца Пархамчук. — Выпі, брат, яшчэ!
Троська п‘е.
Пацямнела ў хаце.
— Дзе пад Драчыка падкапаешся? Калі што-б ён ні зрабіў, дык усё добра, кажуць комунары. Хаця ня ўсе, але любяць гэтага шальмяца. Заб‘ю яго!
Вочы ў Троські заплылі п‘яным блескам. Спацелыя валасы прыліплі да ілба.
— Якая карысьць с таго, што заб‘еш яго? — кажа шэптам Пархамчук. — Яны там усе лыкі аднаго лапця. Раз жонку яны ў цябе аднялі, апаганілі цябе, жыць не даюць, дык з усімі расплаціся.
— І то праўда! — згаджаецца Троська.
— Цішэй гавары, — просіць Пархамчук. — Дык вось пакінь памятку ўсёй камуніі. Перад тым, як пойдзеш з гэтага пекла шмат што зрабіць зможаш. На дарогу дам грошы.
— Пакіну памятку! Век помніць будуць!
— Ты цішэй…
— А ліха іх бяры!
— А як там мой Калістра ў комуніі?
— Чаму гэта твой?
— Парабкам у мяне быў. Выгадаваў яго.
— Асэсарам! Ого, Калістра! Улегцы яго ня возьмеш. Ён падае проект, каб увесь твой хутар забраць. Кажа, клінам у комуну ўрэзаўся.
— Ведаю…
Пархамчук увесь задрыжаў, як успомніў Калістру, і ўрэпіўся моцнай рукою ў худое плячо Троські.
— Вось як…
А так… Я да цбе сампатыю маю і кажу…
Пасьля выпіўкі доўга ў сенцах шапталіся.
— Каб ніхто ня ведаў, што ты у мяне быў. Чуеш?
— Ясна… Іду з мястэчка, з Шапалевічаў.
На разьвітаньне пацалаваліся.
— Дык мы-ж свае людзі… — кінуў Пархамчук сардэчныя словы.
— А ты думаў — чужыя?
Пашоў Троська ў ноч на п‘яных нагах. У ручаі квакаюць жабы. З неба глядзіць поўны месяц, дваіцца і траіцца ў вачох Троські.
Сочыць Пархамчук з двара, куды пашоў Троська.
Ступае Троська па мяккім пяску, крокаў яго ня чуваць.
— Кува-а-ах, кува-а-ах, — квакаюць жабы.
— Можа прароцтва бацюшкі спраўдзіцца, — думае Пархамчук.