Насустрач мужу ішоў мужчына ў капялюшу, у чорным паліце. Яны павіталіся і пайшлі разам. Дзе я гэтага чалавека бачыла? — падумала я, — вельмі знаёмыя рыжыя вусы, усе рысы яго голенага твару. Раптам успомніла — і дрыжыкі па ўсім целе ад страху пачаліся. Я так дрыжэла, ажна зуб на зуб не пападаў. Гэта быў той самы жандарскі палкоўнік, які раней арыштаваў майго брата. Якія ў яго справы з маім мужам? Я зараз-жа вярнулася дамоў. Няўжо-ж мой Анцік такі!?. Няўжо ён шпікам зрабіўся?.. Позна муж тады да хаты вярнуўся. Калі я ў яго запыталася, якая была ў яго справа з гэтым катам, муж пабялеў, як папера. Потым папрасіў нікому аб гэтым не гаварыць, запэўніў мяне, што знаходзіцца яшчэ пад наглядам, і што час-ад-часу прыходзіцца такім чынам сустракацца з жандарам, каб не хадзіць у іхнюю ўстанову. Я тады яму ня зусім паверыла. Нейкая цёмная справа, —падумала я. Пасьля гэтага, мы хутка выехалі з таго гораду, і я перастала аб гэтым думаць. Цяпер зноў успомніла. Хопіць на гэты раз пісаць. Прывітаньне ад дзяцей. Нікому, Стэфачка, аб гэтым не гавары! Усяго найлепшага! Прыедзь ка мне ў госьці з сынком. Буду вельмі рада. Цалую. А. Мятлова“.
Крушынскі кончыў чытаць. Зрабіў многазначны выгляд на твары і многазначным тонам сказаў:
— Та-а-ак. Жыцьцё здорава, відаць, дзядзьку нашага круціла.
З твару Стэфкі зышла дрымотнасьць. Яна захвалявалася. Памаладзела. У вачох зьявіўся ранейшы бліск.
— Ведаеш, мой хлопчык, — зьвярнулася яна да мужа, — трэба цёці паслаць трохі грошай…
Яна зазірала яму глыбока ў вочы, прытулілася да яго, як яна рабіла калісьці ў першыя месяцы пасьля вясельля.
— Ты ня будзеш скупым на гэты раз, праўда?
— Добра, — працадзіў Крушынскі праз зубы, — пашлем. Ведаеш, у мяне заставалася да яго нейкая сымпатыя, да гэтага агронома. Сымпатыя, кажу, засталася. Мы з ім сябравалі.
— Ён быў трохі падобны да цябе сваімі паводзінамі, — заўважыла Стэфка і зноў пазяхаць пачала.
— Глупства гаворыш. Якімі паводзінамі?
Крушынскі пакрыўдзіўся.