Гучыць у яго вушох стукат млына і людзкі гул галасоў.
— Дарагая мілая Стэфачка, можаш мяне віншаваць… — урэзалася ў яго памяці.
Зноў бярэцца за ліст.
— З чым-жа яе віншаваць? І хто гэта піша да маёй жонкі? Ніколі ніхто ня пісаў.
Нэрвуецца Крушынскі.
…Жонка на шмат гадоў маладзейшая за мяне…
— Суседзе, я да цябе… — цягне яго нехта за рукаво.
Падняў ад ліста вочы.
Насупроць яго рыжая барада хутараніна Пархамчука.
— Па чарзе, суседзе, нічым не магу дапамагчы, — кажа Крушынскі.
Я не сьпяшаюся. Я па іншай справе.
Крушынскі зірнуў на яго зацікаўленымі вачыма.
— Я зараз.
— Дзядзька Язэп! — кліча Крушынскага Рыгор.
Крушынскі пабег.
Ужо тры разы як Пархамчук чуе ад яго гэтае „зараз“.
У Пархамчука роспач на твары. Ён цярпліва чакае.
А вось зноў паказаўся Крушынскі.
— Суседзе на пяць хвілін… — літасьці просіць Пархамчук.
— Добра, хадзем, Макар!
— Вялікі сакрэт…
Крушынскі ўстрапянуўся. Ён любіць сакрэты.
— Калі так, дык ідзі ка мне ў хату, а я зараз прыду. Не выпадае тут.
Праз некалькі хвілін яны разам сядзелі ў пакоі Крушынскага. Не вярнуўся Крушынскі ў млын праз пяць хвілін.
На стале была гарэлка.
І Пархамчук з Крушынскім ціханька шапталіся доўгі час. Вушы да губ падстаўлялі адны адным, пільна лавілі кожнае сяброўскае слова, каб не расьсейвалася.
Часта Крушынскі паглядаў у вакно, ці няма блізка чужога і лішняга вуха, і ўсё паўтараў Пархамчуку:
— Толькі цішэй…
Потым пашоў у другі пакой і прынёс адтуль маленечкую аптэчную пудэлачку.
Даў Пархамчуку.
Пархамчук схаваў ў кішэню.
Як Пархамчук вышаў з хаты, Крушынскі зноў ўзяўся за ліст:
„Дарагая, мілая Стэфачка.
Можаш мяне павіншаваць. Знайшоўся мой муж і твой дзядзька Антон Сяргеевіч Мятлоў“.
— І мае пяцьсот рублёў знайшліся! — узрадваўся Крушынскі. — Хоць дзядзька ён мне цяпер па жонцы, але гэтыя пяцьсот рублёў, якія пазычыў у мяне на дарогу некалькі год таму назад,