Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

напрыклад, чужыя людзі, якія толькі першы раз у жыцьці сустрэліся, таксама размову пачынаюць.

— Н-н-ну!-кажа бацька каню і скоса паглядае на Міколу.

…Няма аб чым гаварыць з родным бацькам.

Мікола шукае тэмы для гутаркі. Сьмяецца сам з сабою. Усёроўна, як у рабфаку на тэму пісаць…

Аб чым-жа з ім? Ага!

— Як гэта праз Крушынскага мне пасылку прыслалі? Ці ня быў ты ў яго, тата?

Стары схамянуўся. Нібы ад сну прабудзіўся.

— Ты да мяне, ці што? Крушынскі, кажаш? Ён быў праездам. Ехаў каля нас. Я праз акно ўгледзеў. Выскачыў, папрасіў яго пачакаць і даў яму торбачку. Пасылка ляжала некалькі дзён. Усё ня было, праз каго паслаць,

— Як гэта ты турбаваў чужога чалавека?

— Крадзенае даў яму для роднага сына, ці што?

Стары павярнуўся шчыльней да Міколы.

— Для роднага сына…

Голас бацькі зрабіўся больш блізкім. Міколе стала няёмка, жаласьліва…

…Вось і адкажыся ад бацькоў толькі за тое, што імкнуліся ўсё жыцьцё стаць багатымі, а жывуць вечна ў беднаце…

Стары тым часам цягнуў сваю аповесьць:

— Маці так ўзрадавалася, што ўдалося паслаць. Адзін сыр яна ў суседкі пазычыла… Кавалак сала таксама пазычаны… Толькі нядаўна аддалі, як свайго парсючка закалолі.

Кожнае слова бацькі рэзала Міколу, як нажом. Жаласьць разьмякчыла яго. Зірнуў на бацькаву шапку. Той насіў яе яшчэ тады, як Мікола быў малым хлапчуком… Яна такая аблезлая і старая, што яму было сорамна, як бацька зьявіўся ў інтэрнат…

…Вось табе і комсамолец! — папракаў сам сябе Мікола.

— Навошта было пасылаць? — зьвярнуўся ён да бацькі.

— Як навошта?! Каб ты там галадаў, ці што? Маці толькі і бядуе, што ты, можа, ня маеш чаго есьці…

Жаласьлівасьць да бацькоў расла з кожным словам бацькі. Сэрца сашчамілася. Цяжка стала ад гэтай жаласьлівасьці, настрой сапсуўся.

— Ды ў нас на рабфаку ўсяго досыць. Я падзяліў сыры і сала між таварышамі…

— Як-жа так?! Ня можна, сынок, дабром раскідвацца… Але твая, сынок, справа, толькі маці не гавары, а то бедаваць будзе, што ты сам ня еў…

Адпала пры гэтых славах жаласьлівасьць да бацькоў і зноў палягчэла. Бацькавыя словы „не раскідвацца дабром“ вытруцілі цёплае пачуцьцё.

…Але маці… яна баіцца, каб я не галадаў…

Бацька тым часам бубніў над ім, і нібы у бубен біў свае скаргі: