Зьявіцца Мэндаль да Макара на хутар і адразу да справы:
— Ну, як?
— Што, пане Мэндаль?
Макар быццам ня ведае, пра што Мэндаль пытаецца.
— Як сёлета жыта?
— Як заўсёды…
Голас Макара рахманы, Макар пацягваецца, гультавата пазяхае. Яму ўсё роўна: купіць у яго Мэндаль жыта ці не…
— Прадаеш?
— Хто яго ведае…
Макар лезе шырокімі пальцамі ў бараду. Вось пачне лічыць свае рыжыя валасы.
— Чакаеш, каб цана высьпела?
— Паляруш яго знае…
— Ну дык бывай! Часу няма на даўгія гавэнды…
— Пачакай…
— Ідзем у сьвіран! — кажа строга Мэндаль і жмурыць падсьлепаватыя вочы.
Прыемна Макару гандлёвая ігра. Ён, не сьпяшаючыся, бярэ вялікі ключ ад сьвірна і ўсё яшчэ з няўпэўненасьцю па бакох аглядаецца: ісьці ці не…
Доўга граюць у гандлёвую дыплёматыю гэтыя два груганы.
— Цана якая? — пытаецца Макар.
— Колькі нану Гардзялкоўскаму, гэтулькі і табе.
Гонар Макару: калі меркаваць паводле цаны на жыта, ён і пан Гардзялкоўскі раўня…
У сьвірне падсьлепаваты Мэндаль усуне руку ў гаруд са збожжам, нібы грэць руку надумаў. Набярэ жменю ў адным месцы, у другім, у трэцім, да дзьвярэй падыходзіць, дзе сьвятлей; глядзіць, на зуб прабуе. Потым праз худыя пальцы выпускае зерня зноў у гаруд. Шорхае жыта ў яго руцэ, зярняты да зярнят шапочуць:
— Золата…
— Золата…
Разумее Макар жытнюю мову і кажа Мэндалю:
— Ня жыта, а золата!
— Не хвалі, сам на тавар разумею.
Бяз лішніх слоў дае Макару задатак і тут-жа запісвае нешта алоўкам ў кніжачку.
Макар цьфукае на грошы і крэхча салодкім млявым крэхтам: —
— Няхай будзе спорна!
— Няхай.
Два груганы разьвітваюцца.
У імглістыя восенскія дні раніцы, калі на платох і на полі блішчыць у расе павуціна, калі на Макаравым двары рабіны выстаўляюць на паказ свае акрываўленыя жмуты ягад, абоз