Нешта наш настаўнік больш жвавым зрабіўся, — чуў Мікола шэпт сярод дзяўчат.
— Заўважылі ў мяне перамену, — падумаў ён. — Заява ў ячэйку.
На ўсіх рабфакаўскіх сходах ён стараўся выступаць адным з першых.
…Няўжо-ж я стараюся спэцыяльна для прыёму ў комсамол? — Не! Я так працаваў яшчэ раней. А можа? Я самога сябе яшчэ добра ня ведаю…
Аб чым ён ні думаў, што ні рабіў — гэту заяву кожны раз успамінаў. Яна ня выходзіла з яго думак, як прыемная навіна.
Два дні да пасяджэньня ячэйкі Мікола пачаў хвалявацца:
…А можа будзе правал? Хлопцы вялікія майстры задаваць закавырыстыя запытаньні…
Уявіў сабе, як на гэтым сходзе ён зробіцца на некаторы час цэнтрам увагі. Сакратар ячэйкі — чарнявы хлопец, не паводле гадоў сур’ёзны, — прачытае спачатку яго, Міколы, заяву, кароткую біографію. Пасьля гэтага ўтаропіць у яго вочы, Мікола добра ведзе гэтыя шэрыя пранізваючыя вочы. Яшчэ, як яму заяву падаў, той зірнуў на Міколу пранікліва, доўга. Здаецца, самыя затоеныя думкі Міколы чытаў. Мікола ня вытрымаў гэтага позірку і апусьціў вочы. „Добра“, — сказаў сакратар, — „абгаворым тваю заяву на бюро, а там пабачым“.
Бюро згадзілася.
І вось дайшло да агульнага адчыненага сходу ячэйкі… Тут самае галоўнае… Як пачнуць прабіраць яго, разьбіраць па костачках. Ён сам сябе тады пазнае. Таварышы растлумачаць, якім ён сапраўды ёсьць, хто ён і што ён. Трохі няпрыемна будзе з няпрывычкі, але затое карысна.
Пры дарозе мільганулі аганькі сялянскіх хатак. Сьнег пасінеў. Хацелася ад няпрытульнай дарогі накіраваць каня да хатак, да цёплага прытулку.
Пачнуць на сходзе пытацца:
— Чым ён дома займаўся?
— Што ён зрабіў для бядняцкай грамады на вёсцы?
— Хто яго бацькі?
— Колькі ў іх зямлі?
І яшчэ і яшчэ.
Мікола тады сам сабе пачаў даваць ацэнку:
„Вось грэблю паправіў — плюс. Хацеў у мінулым годзе ліквідаваць няпісьменнасьць у роднай вёсцы. Гаварыў з Саўкам на гэту тэму, але так і засталося — мінус.
Налічыў яшчэ некалькі плюсаў і мінусаў.
Вострым шклом разанула справа з судом яго бацькі. Аштрафавалі за контрабанду на пяцьдзесят рублёў… Але-ж бацька ня быў вінават…