Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Як прывалілі аднаго разу легіёнэры ў хату. У руках у легіёнэраў бізуны:

— Давай сена!

— Давай аўса!

— Каня!

Спалохаўся спачатку бацька. Потым пачаў аднеквацца:

— Няма.

Тады бацьку бізунамі білі па сьпіне, па твары, па вачох…

Бацька сьцяў зубы і маўчаў.

Хутка пасьля гэтага ня стала бацькі. Ня прыходзіў да хаты дзень, два, тыдзень і больш.

Нудна Лявонку бяз бацькі…

Раней, бывала, бацька садзіў яго да сябе на калені, гладзіў па галоўцы і гаварыў:

— Вырасьцеш, Лявонка, тады вучыцца будзеш, малайцом у мяне станеш.

Аднато разу з Шапалевічаў коніка паліўнага прывёз. Лявонка дзьмуў, пальцамі па дзірачках перабіраў.

Вельмі ладныя гукі выдаваў конік.

У другі раз белую булку прывёз з Шапалевічаў. Смачная была булка, у пяршыню Лявонка еў такую…

Занудзіўся Лявонка.

— Дзе тата?

Глядзела тады на яго маці, забедавалася і пачала вочы выціраць.

— Дзе тата? — не адставаў Лявонка.

— Ты, Лявонка, сіратою застанешся.

— Чаму?

— Бо тата ў лес пайшоў.

— Няхай хутчэй адтуль вернецца!

— Бог ведае, ці вернецца…

— Дык і я да яго пайду!

— Ты яшчэ малы…

І маці глядзела тады на Лявонку такімі вачыма, нібы радавалася, што ён яшчэ малы…

І ня толькі адзін Лявонка бацькам цікавіўся: часта прыходзілі ў хату легіёнэры — злосныя, страшныя.

— Дзе муж? — крычалі яны на матку і лаялі яе.

— Дзе тата? — пыталіся ў яго.

— Ня ведаю, — казала маці.

— Ня ведаю, — паўтараў за ёю і Лявонка, хоць ён і ведаў, што тата ў лесе.

Зноў бізун…

І ўздумаў Лявонка:

— Пайду ў лес тату шукаць.

Маці аб гэтым не сказаў ні слова, бо яна не дазваляла малому з хаты выходзіць у гэткі неспакойны час.