— Правільна! — пацьвярдзіў Драчык і стукнуў кулаком аб стол.
— Што вы, таварышы? — пакрыўдзіўся Хвёдар. — Крушынскі эксплёатуе чужую працу. Ён багатыр, а я? Г-м-м… Я ўсё сваімі рукамі. Во, глядзіце, — мазалі на маіх руках. Наркамземаўскі аграном хваліць мяне кожны раз, як сюды прыяжджае.
— Ты забыўся на беднату, на сацыялістычнае будаўніцтва. Думаеш толькі аб сабе. Вось што, Хвёдар, я табе скажу! — прабіраў яго Зьмітрок.
— Праз некаторы час зробішся воўкам, мядзьведзем у бярлозе. Люблю праўду, гэта факт! Вось і пасёлкі! Вось яны! — крыкнуў Драчык. — Ражнамі лезуць яны ў горла! Ну, і прыдумаў Нарказем! Гэта-ж чорт ведае што…
Твар у Хвёдара наліўся крывёю. Вочы памутнелі і зрабіліся вільготнымі.
— Браткі… — пачаў ён дрыжачым голасам. — Вы-ж сапраўды лічыце мяне злачынцам. За што? За тое, што перасялілі на новае месца і далі магчымасьць весьці па-культурнаму гаспадарку і па-культурнаму жыць? Г-м-м… За тое, што я чытаю газэты і кніжкі і хачу суседзям паказаць розьніцу паміж маёй гаспадаркай і іхняй? Г-м-м… Каб мог-бы, дык сэрца сваё паказаў вам, што я гэта ўсё шчыра раблю, шчыра… Г-м-м…
Хвёдар змоўк. Сеў за стол, падняўся, гмыкнуў і зноў сеў. Па ўсім відаць было, што чалавека нешта мучыла. Ён сабе месца не знаходзіў. Адварочваўся да вакна, зганяў мух з падаконіка, глянуў пустымі вачыма на гасьцей, на хату і ня ведаў, што рабіць і дзе дзецца.
Зьмітрок падсунуўся да яго бліжэй, пасяброўску палажыў яму руку на плячо і лагодным голасам шапнуў:
— Супакойся, Хвёдар, супакойся.
Гаварыў ён да Хвёдара такім тонам, нібы доктар да хворага. Гаварыў ад усяго сэрца:
— Глядзі, вось у пасёлку, дзе я жыву, малочнае таварыства наладзілі, машыннае, мэліорацыйнае. Я бадай кожны дзень пасялкоўцам газэты чытаю. У цябе нічога гэтага няма.
— Будзе! — крыкнуў Хвёдар на ўвесь голас, і ад нутранага хваляваньня твар яго афарбаваўся ў колер цэглы.
Жонка Хвёдара моўчкі прыслухоўвалася да гутаркі і варожымі вачыма глядзела на гасьцей. Ледзь-ледзь з яе языка не сарваліся словы такога зьместу:
— Чаго вы прышлі? разбурыць тое, што мой Хвёдар пачаў будаваць? Няма чаго сказаць, добрыя таварышы!
У хаце стала ціха. Няпрыемнай была гэта цішыня. Ніхто ня ведаў, аб чым яшчэ гаварыць. Усё было сказана. Усё было абмеркавана.
Зьмітрок утаропіўся вачыма ў бутэльку з гарэлкай, на якой сонца грала колерамі.