— Г-м-м… калі ласка, таварышы, сілкуйцеся! Г-м-м… — просіць Хвёдар.
— Проша… — кажа гаспадыня.
— Што-ж гэта ў цябе, Хвёдар, за новая прывычка зьявілася? Пры кожным слове гмыкаеш, — заўважыў Зьмітрок.
Хвёдар пачырванеў.
— Вось прычапілася, г-м-м… нейкая дурная прывычка…
— Гэта ад розных думак па гаспадарцы. Глядзі, Хвёдар, каб праз меру ўласная гаспадарка цябе не захапіла. Люблю шчырасьць, ты забываешся аб грамадзкай працы.
— Г-м-м… А ну яе к ліху, зноў загмыкаў, — сьмяецца Хвёдар. Выпіце, браткі, і закусіце. Будзьце пэўны, што застануся такім, якім быў раней, толькі дайце агледзецца. Г-м-м…
Ня клеілася ў іх гутарка, Гарэлка і закуска не памаглі. Моўчкі елі і пілі. Часта спыняліся, забываліся пра яду.
Зьмітрок глядз ў у новую сьцяну сумным позіркам.
Драчык зазіраў Хвёдару ў глыбіню вачэй, нібы нешта вычытваць там хацеў.
Хвёдар адварочваецца. Яму няпрыемна.
Праз адчыненыя вокны крадзецца ў хату ціхі летні поўдзень. Дзынкаюць пчолы. Два каляровыя матылькі ўляцелі праз вакно і замільгалі над сталом. На вуліцы на сонцапёку капаюцца ў пяску дзеці. Сьмяюцца. А вось сварыцца паміж сабою пачалі. Пачуўся дзіцячы плач, працяжны, жаласлівы, гучны.
Усе зірнулі ў вакно.
— Г-м-м… Глупства, — кажа Хвёдар, — пасварыліся, памірацца. Піце, браткі, ежце!
Ён стараецца заглушыць няпрыемнасьць, якая пануе ў хаце.
— Дзякуем, — кажа Зьмітрок. — Чаму да мяне ня прыдзеш?
— Усё, г-м-м… няма калі…
— А колькі разоў прасіў цябе паглядзець наш „Чырвоны Кастрычнік“. Люблю шчырасьць, цікавіцца перастаў нашай камунай. Стары „Леў Талстой“ і то часта наведваецца.
— Пасьпею, дайце агледзецца! — з хваляваньнем у голасе адказвае Хвёдар.
Падняўся з зэдліка і давай спацыравць па хаце туды і сюды. У гэтыя хвіліны Хвёдар зноў як-бы стаў ранейшым (да наладжваньня ўласнае гаспадаркі): рухлівым, гарачым, вёрткім, шчырым і натуаральным. Ранейшы голас, ранейшы бляск у вачох. Ходзіць па хаце і гаворыць так, нібы перад самім сабою апраўдваецца:
— Усе гады пражыў у беднаце, у гразі, у цемнаце. Дык ці-ж ня маю права і я, г-м-м… наладзіць сваё жыцьцё? Хачу трохі на ногі падняцца. Няўжо-ж гэтым раблю злаўчынак перад бядняцкай грамадою? Я-ж таксама сябар грамады. Я-ж ня болей як чалавек. Г-м-м…
Зьмітрок міргнуў Драчыку, Драчык — Зьмітраку.
— Бярэшся пад Крушынскага… — заўважыў Зьмітрок.