…Мужу, відаць, нічога не сказала…
…Малайчына…
Пані Мар‘я да яго:
— Што, сваячок, задумаўся?
Я так сабе.
Крушынскі гульліва ўсьміхнуўся.
Незнаёмы госьць — чалавек без знакаў прыпынку — утаропіў падсьлепаватыя, у акулярах, вочы ў блізкія хвоі. Ён быў задумёны, шамкаў губамі, нібы хацеў зараз жа нешта сказаць, але баяўся, стрымліваўся.
Пані Мар‘я сядзела побач з Крушынскім, шапнула яму на вуха:
— Гэты самы, Лявон Максімавіч Лапоўскі, завецца „чалавекам бяз знакаў прыпынку“. Так пазвалі яго студэнты, якім ён чытае лекцыі. Ён гатоў гаварыць цэлую гадзіну і нідзе ў гутарцы кропак ня ставіць. Так мне гаварыў адзін студэнт. І вось дзеля гэтага словы яго здаюцца двухсэнсовымі і выклікаюць сярод студэнтаў непаразуменьне.
Крушынскі ледзь улавіў яе шэпт, нічога не зраумеў, але па прывычцы сказаў:
— Так, так. Нікому не скажу.
— Як бы для ілюстраваньні слоў пані Мар‘і чалавек бяз знакаў прыпынку загаварыў ня то для ўсіх, ня то для сябе тонам песьні над калыскай:
— Як тут хораша і прыемна! Ты забываеш аб усіх прыкрасьцях жыцьця, бо пахне тут часамі „Нашай нівы“, яе ідыліяй, і няма клясавасьці паміж асінамі, хвоямі і бярозамі.
„Маршалак“ і „прэм‘ер“ усьміхаліся.
— І я тут ня мала вершаў напісаў. Такая мясцовасьць дае натхненьне, — прыемна ўзбудзіўся сваімі ўласнымі словалі Антон Цярэшка.
Чалавек бяз знакаў прыпынку хмыкнуў у чорна-сівую, колеру каўкаскіх сярэбраных аздобаў, бараду, зьдзівіўся і тлумачыў:
— Цяпер не прызнаюць „Нашай нівы“ і не разумеюць, што такім чынам падсякаюць сук, на якім самі сядзяць ой гэты усход па сягоняшні дзень татаршчынай пахне.
Гэта ўзнэрвавала Цімафейчыка:
— А вас на захад цягне? Хочацца да „культурных“ жандараў?
Вышла нешта ад тэатральнай ігры.
— Не не не таварыш Цімафейчык, — занекаў чалавек бяз знакаў прыпынку і давай здымаць пылінкі з пінджака. — Я наогул у політыку не ўмешваюся і толькі тэорытычна разважаю. І паводле маёй тёорыі і паводле ходу гісторыі нам ня шкодзіла б незалежнасьць потым мы пайшлі-б далей куды нас цягне на аркане ўсход мешаніна розных нацый з перавагай аднэй вандроўнай нацыі якая сваёй пастаяннай паводкай усяму сьвету даруе падарункі гандляроў банкіраў музыкантаў журналістаў пісьмень-