слухаць здалёку стукат сякер, крэхт хвоі, калі яна кідаецца плазма на сьнегавую пярыну. Прытульнасьць надаюць лесу людзкі гоман, візгатаньне піл, праведзеныя санкамі дарогі.
Зьвіняць калоды на санках, скрыпяць палазы, шліфуючы сьнег; пахне сьвежай хвояй, коньмі ды марозам. Людзі пераклікаюцца між сабою. Твары ў Драздоў і Дзятлаў чырвоныя ад марозу.
— Ня шкодзіць зарабіць лішні рубель. Прыгадзіцца пры пераходзе ў пасёлак.
— Нешта скупіцца пачаў наш Крушынскі. Зусім чалавек зьмяніўся.
На гэты раз Крушынскі маленькі браварок наладзіў у кузьні. Трэба-ж частаваць Драздоў і Дзятлаў пры такой справе, як будова млына. За некалькі дзён выгналі шмат гарэлкі. Вінакурам быў стары Галава. Напоўнілі некалькі невялікіх бочак і схавалі гарэлку і прылады для гонкі ў патаемным месцы.
— Танна абышлося, — радаваўся Крушынскі.
— Кожны дзень пасьля сканчэньня працы ён секачом і возьнікам выносіў самагон.
Хадзілі бутэлькі са шклянкаю з рук у рукі, з горла да горла, нібы пры рытуальным абрадзе. Людзі прыемна крахталі, як у лазьні на гарачым палку, лілі ў горла моцную гарэлку, са смакам выціралі рукавом губы і зноў:
— Гэ-э-х… А скупым Крушынскі зрабіўся! Гэта-ж гарэлка без закускі, як касьцёл без званіцы…
— Выбачайце, суседзі, я адзін, а вас многа! Не набярэшся… — саромліва апраўдаўся ён.
Пасьля сканчэньня контрабанднай справы, калі тысячы ўжо ня плылі ў рукі, як рыба ў невад, калі ён пастанавіў будаваць млын, Крушынскі пачаў ашчадна абыходзіцца з грашмі і гаспадарчым дабром. Ранейшая шчодрасьць раптам прапала.
— Ня можна мне цяпер раскідвацца рублямі, — гаварыў ён айцу Дзімітрыю, які часта прыходзіў глядзець будову млына, — кожная капейка падлічана. Кожны пятак мае сваю шчыліну. А ці хопіць пятакоў на ўсе шчыліны?
— Не згадзіцца з вамі нельга, Язэп Сымонавіч. Вашы словы хоць вазьмі ды ўпішы гусіным пяром у сьвятое эвангельле.
Цяпер толькі Крушынскі атрымаў ад роднага бацькі Сымона Чарнюка і ад дзядзькі ў Менску сапраўдную спадчыну — скупасьць, дрыжэў над кожнай капейкай. Ён пачаў пералічваць перад айцом Дзьмітрыем колькі лішніх сродкаў выкінуў раней на вецер.
— Шмат золата прыпала пры Рахмільку, калі той быў забіты на граніцы.
— Ой-ой-ой… — ківаў галавою айцец.
— А колькі мне агроном каштаваў, апрача пастаянных падарункаў, жульніцкім спосабам абшустаў мяне на пяцьсот рублёў.
— Эх, вы! — папракаў яго айцец.
— А колькі Драздом і Дзятлам і іншым раздаў?