„Язэпка“. Раней гаварыла да яго „вы“, цяпер — „ты“. Тое самае бацька: „Стэфачка“, „міленькая“, „душачка“, „жоначка“:
Дзецям прыкра. Чаму — самі ня ведаюць.
У тую вясну дзеці пасталелі на некалькі год. Вочы пахмурыя. Падазрона паглядалі на людзей. Бацька і цёця Стэфка асьцерагаліся іх. Бывала, дзеці ўскочаць раптам у пакой, дзе татка з цёцяй Стэфкай — тыя адразу змоўкнуць.
— Мабыць пра маму гаварылі, — думала Настачка.
Бывала, калі надыйдуць Настачка і Мзей, татка і цёця Стэфка адскоквалі ў розныя бакі і чырванелі. Настачка па іх вачох пазнавала, што яны злуюцца. Настачка аб гэтым нічога не гаварыла маленькай Мзей, але старалася больш не заходзіць у той пакой, дзе татка з цёцяй Стэфкай сядзяць. Настачка замыкалася сама ў сабе і пачала лічыць сябе вялікай: туліла маленькую Мзей, і гаварыла:
— Пакуль мамка ня прыедзе з Менску, я буду тваёй мамкай добра?
— Доб‘я…
— Будзеш слухацца мяне?
— Буду…
— Будзеш слухаць маю казку пра белую козачку?
— Буду…
Вялікія — тата і цёця Стэфка — не перашкаджалі дзецям гуляць у „мамку з дачкой“.
А як надыходзіў змрок, Стэфка часта находзіла іх у „салёне“ на старой канапе. „Мамка з дачкой“ спалі абняўшыся…
Калі Язэп Крушынскі бываў дома, Стэфка зьвярталася да яго:
— Перанясі дзяцей у спальню, мой хлопчык. Мне ня можна — зашкодзіць…
А калі яго ў хаце ня было, дзеці заставаліся на канапе да яго прыходу.
І кожную ноч маленькая Мзей па старой прывычцы клікала маці, каб брала яе да сябе спаць. Яна шаптала праз сон:
— Мамка, матанька…
Хутка пасьля сьмерці Сымона Чарнюка Курганішча па-новаму ажыло.
Дразды і Дзятлы вазілі з лесу калоды на будоўлю млына ў Курганішчы. Вазілі з таго самага месца, дзе ў летку Крушынскі сустрэў Мэру ў лесе. Яна тады ўцякла з хаты, бо бацька мужа абазваў яе „жыдоўкай“. Вазілі да таго самага месца, дзе Мэра кінулася з абрыва ў рэчку. Тут вымеркаваў Крушынскі месца для млына — якраз за гумном.
Як прыемна пахла махорачным дымам на марозе ў лесе. Крушынскі ў ботах з доўгімі халявамі, у кароткім кажушку. Ён утаропіў вочы ў сьне і меркаваў свае грашовыя пляны. Весела