—У Менск паехалі.
У „цёці“ Стэфкі тады вочы былі чырвоныя і дрыжэлі рукі. Яна карміла і дагледзела іх лепш, як да гэтага часу. Стэфка вельмі задумвалася ў той час і ўсё паўтарала адно і тое самае:
— О-о-ой…
— Цёці нешта баліць? — пыталася Настачка.
— Не…
— Чаму войкаеце?
— Так сабе…
Па некалькі разоў на дзень Настачка і Мзей выбягалі на дзядзінец, узьбіраліся на паркан каля саду і глядзелі, ці бацькі едуць.
З Менску бацька вярнуўся адзін і чамусьці цукерак ня прывёз.
Гэта ў пяршыню за ўвесь час, як памятаюць Настачка і Мзей.
Твар бацькі шэры. Сам ён маўклівым стаў. З Настачкай і Мзей гаварыць не хацеў. Ён доўга нешта ціханька вёў пашаптушачкі з „цёцяй“ Стэфкай, пасьля чаго зьвярнуўся да дзяцей і сказаў новым, нязвычайным для яго голасам:
— Маці засталася ў Менску. Як вернецца, шмат гасьцінцаў прывязе.
Не пасьпелі дзеці і слова на гэта сказаць, як бацька выскачыў з хаты і пабег за гумно да рэчкі, дзе пачалі будаваць млын.
У вакно лезла раньняя вясна. Сьпявалі птушкі. У садзе і на дзядзінцы зарунявіла зялёная трава. Доўга чакалі Настачка і Мзей маці з Менску. Часта выбягалі на дарогу глядзець, ці ня едзе.
А раніцамі сонца зазірала ў самае вакно, дзе спалі Настачка і Мзей. Як толькі прачнуцца, дык зараз да Стэфкі:
— Дзе мама?
— Мама ў Менску.
А на полі каля крушні пяць красуняў, пяць бярозак. Яшчэ, нядаўна яны былі зусім голыя, белыя, нібы ў палатняных кашулях, а вось апрануліся галінкі ў кволае жаўтавата-зялёнае лісьце.
Толькі два колеры на бярозках: зялёны і белы. А пад імі ад сонца цень на мяжы. А калі завандруе вецер на пагорку, ківаюцца бярозкі. Тады і цені на мяжы ківаюцца. Нядаўна Настачка маленькім сцызорыкам пакалупала адну бярозку, Мзей прысмакталася губамі і піла сакавік.
— Дзе мама?
— Мама ў Менску.
Спачатку пад самым лесам цьвілі беленькія пралескі. Шмат разоў Настачка і Мзей хадзілі туды па кветкі. Потым зьніклі пралескі. Новыя ў лесе паказаліся — сон-кветкі. Сіні званок з залатым сэрцам. У лесе хмяліў тады пах смалы, сонца і сон-кветкі. Па карчох ёрзалі чырвоныя мурашкі. Здалёку чуваць былі людзкія галасы. А ў лесе ціха. Толькі часам на вяршалінах дрэў перашэптваліся галіны: