Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ідзеце адгэтуль! — крычыць Стэфка незнаёмым голасам.

Дзеці варочаюцца ў „салён“.

Няма да каго прытуліцца. Маці ў Менску. Бабуня, якая жыла ў іх некалькі год, яшчэ зімою ў Польшчу паехала.

Настачка пачынае ад нуды барабаніць на старым сапсутым фортап‘яне, Мзей наводзіць стары гадзіньнік.

Фортап‘яна выдае хрыплыя, дрыжучыя гукі, а гадзіньнік урачыстым басавым тонам пачыцае біць свае дванаццаць разоў.

— Ціха вы там! — крычыць Стэфка з спальні.

Тады дзеці выходзяць на двор шукаць бацьку. Калі дзе-колечы знаходзяць яго, спыняюць.

— Дзе мама?

— Паехала ў Менск.

Бацька таксама адварочвае ад іх свой твар.

— Дзеці, я часу ня маю… Мне трэба ісьці…

— Пачакай, татка…

І тут пачынаецца заўсёды адна і тая самая гутарка паміж Настачкай і Язэпам Крушынскім. У часе гутаркі Мзей глядзіць то на Настачку, то на бацьку — ловіць і глытае кожнае слова.

— Чаму мама дамоў ня едзе?

— Прыедзе…

— А цукерак прывязе?

— Прывязе.

— А шапачкі мне і Мзей купіць?

— Купіць…

— А крычаць на нас ня будзе?

— Ня будзе…

— А гуляць нам дазволіць?

— Дазволіць…

— А будзе нам тады шмат весялей…

— Будзе весялей…

— Няхай толькі скарэй мама прыедзе. Мы, татка, яе слухацца будзем, добра?

— Добра…

— Чаму ты, татка, не такі, як раней?

— Мне часу няма…

Крушынскі ўцякае.

Дзеці зноў адны.

— Што гэта ў нас такое робіцца? — дзівіцца Настачка і давай рукі ламаць, як дарослая.

Мзей плача.

Яны пачынаюць глядзець на бацьку, як на чужога.


Ужо некалькі тыдняў, як пані Ганны няма ў Курганішчы. Дзеці ня бачылі, як маці паехала ў Менск. Прачнуліся аднаго разу раніцою і не знайшлі бацькоў ў хаце.

— Дзе бацькі, — запыталіся дзеці ў Стэфкі.