Агроном тым часам сыпнуў бліскучы фонтан рыфмованых слоў:
|
рацыяналізацыя, |
Сход слухаў з цікавасьцю. Можа дзеля таго, што некаторыя месцы ў прамове былі падобны да гучнай песьні на замежнай незразумелай мове, а можа лавілі пятае праз дзесятае зразумелыя думкі:
„…Трэба нам вучыцца ад фэрмэраў у Даніі і Амэрыцы…
„…Трэба памятаць, што ў нас, на Беларусі, няма такіх кулакоў, як у РСФСР, Сібіры, на Доне ды іншых мясцох. Таварышы, былыя чырвонаармейцы, відаць, наслухаліся аб кулакох у Расіі. Такіх у нас няма…
„…Глеба наша пакуль што не падрыхтавана да стварэньня колектыўных формаў сельскай гаспадаркі.
„…Трэба навучыцца раней быць культурным гаспадаром, а пасьля ўжо пераходзіць на новыя формы сельскай гаспадаркі…
„…Пакуль што толькі на землях былых маёнткаў могуць быць саўгасы, комуны і арцелі, бо там гаспадарка вялася і раней больш менш культурна.
„…Пакуль што мы павінны будаваць экономічна жыцьцёвыя гаспадаркі…
„Леў Талстой“ ня здымае з агронома вачэй. Яму падабаецца тое, што агроном нібы з кнігі чытае.
Сход маўчыць. Уважліва слухае.
Антось Драчык ловіць здаровым вухам кожнае слова агронома:
— На сельскай гаспадарцы ў часы мірнага будайніцтва, па дарозе да соцыялізму, мы можам абыходзіцца без пажароў, без забойстваў ды наогул без скандалаў. Культурныя гаспадаркі хутарскія нам патрэбны, мы іх будзем падтрымліваць усялякімі сродкамі! Пераход на пасёлкі і нам патрэбен! Добрыя гаспадарскія двары нам патрэбны! Шматпольле нам патрэбна! Малочныя таварыствы, мэліорацыя, машыны — усё гэта такія рэчы, без якіх цяпер нам нельга абыходзіцца!
Агроном папрасіў вады. Гаспадыня хаты праціснулася праз грамаду з цяжкай меднай конаўкай. Агроном падазрона зірнуў на паіржавелую пасудзіну і давай піць маленькімі глыткамі.
Тым часам Антось Драчык папрасіў слова.
— Люблю шчырасьць, — пачаў ён адразу крыклівым голасам. — Трэба было вярнуць назад з турмы нашых кулакоў! Фалькевіч, Сініца, Гарбачык і Лаўронак яго агронома на гарэлку да сябе пазвалі-б! А Язэпа Крушынскага трэба было запрасіць у прэзыдыум. Ён-бы добра смакаваў прамову агронома…